Як дзялілі мядзведзя
Шмат цацак ёсць у нашым садзе:
Машыны, лялькі і звяры.
У добрым ладзе ў круг пасядзем,
Гуляем разам, як сябры.
Каму што трэба — цацкі ў шафе,
Для ўсіх адчынена яна.
Бяры ваўка, лісу, жырафу,
Бяры канструктар і слана.
Сказаў аднойчы ўпарты Федзя:
«Нікому Мішку я не дам!»
Мы сталі з ім дзяліць мядзведзя
I падзялілі напалам.
I кожны ўзяў сваю палову,
Але гуляць ніхто не мог.
У Федзі — Мішка безгаловы,
А у мяне — без задніх ног.