Тэлефон

У мяне зазваніў тэлефон.

— Алё! Хто гаворыць?

— Слон.

— Хто? Галасней! Не чую!

— Слон! Ад вярблюда званю я.

— А што вам трэба? Параду?

— Не! Я прашу шакаладу!

— Для каго?

— Для сына майго.

— А ці многа прыслаць?

— Пакуль што пудоў пяць

Ці шэсць папрашу прывезці,

Болей яму не з’есці,

Ён у мяне маленькі.

А затым з усіх сіл кракадзіл

Пазваніў і праз плач папрасіў:

— Мой любы, харошы,

Прышлі нам галёшы —

I жонцы, і мне, і Татошу.

— Чакай, дружа слаўны,

Здаецца ж, нядаўна

Табе я ўжо выслаў

Дзве пары галёш?

— Ах, тыя галёшы

Адразу мы з’елі,

Мы есці хацелі,

Мы з’елі б іх кош!

А зараз чакаем,

Чакаем і верым,

Што ты нам прышлеш

Для цудоўнай вячэры

Дзесятачак новых галёш!

А пасля — дзын-дзын-дзын — зайчаняткі:

— Ці не можна прыслаць нам пальчаткі?

А затым — дзінь-дзі-лень — і мартышкі:

— Калі ласка, прышліце нам кніжкі!

А затым пазваніў мядзведзь

Ды як стаў і раўці, і мычэць!

— Пачакайце, мядзведзь, не мычыце,

Што вам трэба — вы проста скажыце!

Але ён усё «му» ды «му»,

А чаго і чаму —

Ясна толькі яму.

— Калі ласка, павесьце трубку!

А затым пазванілі чаплі:

— Будзьце ласкавы, вышліце каплі:

Мы жабамі сёння аб’еліся,

I ў нас жываты разбалеліся!

А затым пазваніла свіння:

— Прышліце сюды салаўя.

Мы сонечным днём з салаўём

Дзівосную песню спяём.

— Не! Не! Салавей не пяе для свіней!

Ужо лепей пакліч ты варону!

— О, ратуйце маржа! —

Ад мядзведзя ізноў званок.

— Ён вожыка марскога праглынуў незнарок!

I, нібы авадзень, цэлы дзень:

Дзінь-дзі-лень, дзінь-дзі-лень,

Дзінь-дзі-лень!

То пазвоніць цюлень, то алень.

А нядаўна дзве газелі

Пазванілі і запелі:

— Ах, няўжо, няўжо згарэлі

Усе на свеце каруселі?

— Схамяніцеся, газелі!

Не згарэлі каруселі,

I арэлі ўсе ўцалелі.

Вы б, газелі, не дудзелі,

А прыскочылі ў нядзелю

I паселі, дзе хацелі,

На арэлі-каруселі!

Ды не слухалі газелі,

А яшчэ гучней дудзелі:

— Ах, няўжо, няўжо згарэлі

Каруселі і арэлі?

Што за дзіўныя газелі?

Ну, а ўчора самым раннем

Кенгуру з сваім вітаннем:

— Алё! Вітаю шчыра Мыйдадзіра!

Я раззлаваўся ды — як закрычу:

— Я не Мыйдадзір і Мыйдадзірам быць не хачу!

— А дзе ж Мыйдадзір?

— Не магу вам сказаць...

Пазваніце па нумары сто дваццаць пяць...

Я тры ночы не спаў,

Ледзь ад стомы не ўпаў.

Мне б заснуць, адпачнуць...

Але толькі я лёг — званок!

— Хто такі?

— Насарог!

— Што вам трэба? Чаму сярод ночы сюды?

— Мілы доктар! Бяда! Выручайце з бяды!

Ратуйце! Хутчэй!

— Каго?

— Бегемота!

Наш бегемот праваліўся ў балота...

— Праваліўся ў балота?

— Так!

Праваліўся бядак!

— О, доктар, прыйдзіце па ўласнай ахвоце,

А інакш ён загіне ў балоце,

Хутчэй, бо от-от памрэ бегемот!!!

— Добра! Бягу! Бягу!

Калі змагу, памагу!

* * *

Ох, нялёгкая гэта работа

З балота цягнуць бегемота!