Баран бок абадран
Быў раз дзед, а ў таго дзеда баран. І захацеў той дзед зарэзаць свайго барана. Толькі пачаў рэзаць, трошкі бок абадраў, а баран усхапіўся ды ўцёк і схаваўся ў лісіную норку.
Прыйшла ліса ў норку, ажно там нехта сядзіць. Спужалася лісіца і пытаецца:
— Хто там?
А баран ёй адказвае:
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш дагары нагамі!
Лісіца спужалася і пабегла ваўка прасіць.
— А воўчанька ты мой, а кумочак мой, — хадзі, памажы маёй бядзе, паглядзі, хто гэта ў мяне ў норцы сядзіць.
Паслухаў воўк лісу, пайшоў з ёю ў нару выганяць барана. Прыйшоў, ды сам, сам — носам нюхае.
— Хто там?
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш дагары нагамі!
Воўк спужаўся ды ўцёк. Пайшлі яны з лісіцай ды к медзвядзю, пачалі медзвядзя прасіць:
— Мядзведзінька, бацечка, — хадзі, памажы нашай бядзе, паглядзі, хто гэта ў лісінай норцы сядзіць.
Паслухаў мядзведзь, пайшоў з імі да норкі, прыйшоў ды пытаецца:
— А хто там?
А баран яму:
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш дагары нагамі!
Мядзведзь спужаўся ды ўцёк.
Ідуць яны, ідуць каля саду, ды бачаць — ляціць пчолка. Давай яны гэтую пчолку прасіць.
— Пчолка, душачка, — хадзі, паглядзі, хто гэта ў лісінай норцы сядзіць.
Паляцела пчолка з імі, прыляцела і пытаецца:
— А хто там?
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш дагары нагамі!
А пчолка не спужалася — у норку, ды давай кусаць барана за абадраны бок.
Баран спалохаўся, выскачыў з норкі ды давай уцякаць