Цяжкая навука
Казка аб тым,
Як нялёгка зусім,
Хоць нарадзіўся ты
З лапамі і хвастом,
Стаць катом.
Было гэта ні зімой, ні летам, ды вядома дакладна, што перад абедам. Вывеў стары Кот маладога Катка за браму і сказаў прама:
— Хопіць табе, сыне, на маёй шыі сядзець. Пабегаў, пагуляў, усмак паеў, удосыць паспаў — час і самому мышэй лавіць.
— А якія яны, мышы? — упершыню пацікавіўся Каток.
— А яны, гэта, во-о-сь з такімі хвастамі! — развёў стары Кот лапы як мага шырэй. I відаць, парашыўшы, што растлумачыў дастаткова добра, на цёплую печку падаўся.
Нічога не засталося Катку, як самастойна на працу накіравацца.
Вакол хаты абышоў, уздоўж плота прабег — на луг выйшаў. Бачыць, нейкія звяры пасвяцца — хвасты ледзь не да зямлі звісаюць.
«Бач, колькі мышэй…— узрадаваўся Каток. — А хвасты ў іх яшчэ даўжэйшыя, чым бацька паказваў».
Падкраўся ды хоп за хвост!
— М-м-му-у! — спалохаўся звер ды як махне хвастом — ажно Каток тройчы цераз галаву перакуліўся.
Падхапіўся, абтросся — з усіх ног дамоў панёсся.
— Ну, як паляванне? — пацікавіўся стары Кот. — Ці ўпаляваў хоць адну Мышку?
— Злавіў, — мяўкнуў Каток. — Толькі яна так хвастом махнула, што я тройчы цераз галаву перакуліўся.
— Дурненькі, — уздыхнуў стары Кот, — ты ўхапіў за хвост не Мышку, а карову.
— А якія яны, мышы? — другі раз пацікавіўся Каток.
— А яны, гэта, — задумаўся стары Кот, — такія маленькія, шэрыя…
Нічога не заставалася Катку, як зноў на паляванне падацца.
За браму выйшаў, вакол хаты абабег — бачыць: на прызбе бабка Матруна сядзіць, у руках пруткі мільгаюць, а на зямлі каля яе нешта маленькае, шэрае падскоквае — хвост доўгі, проста бабулі Матруне ў рукі цягнецца.
«Дык вось яна якая, Мышка!» — узрадаваўся Каток.
Падкраўся неўпрыкметку — цоп! — і ўчапіўся кіпцямі ў маленькае і шэрае.
— Ах ты, дурненькі, — устала з прызбы бабка Матруна. — Ты чаму не даеш мне ўнуку рукавічкі вязаць? — ды як шпурне ў Катка недавязанай рукавічкай.
Яно і не балюча, ды крыўдна.
Каток абтросся — і з усіх ног дамоў панёсся.
— Ну, як паляванне? — пацікавіўся стары Кот. — Ці ўпаляваў хоць адну Мышку?
— Злавіў, — мяўкнуў Каток. — Толькі бабка Матруна адабрала — рукавічкай у мяне запусціла.
I Каток расказаў усё, як было.
— Дурненькі, — уздыхнуў стары Кот. — Гэта ты не Мышку злавіў, а ў клубок нітак учапіўся… Наша справа — мышы!
— А якія яны, мышы? — трэці раз пацікавіўся Каток.
— А яны, гэта, — наморшчыў лоб стары Кот, — сыр любяць. Я, помню, адну злавіў, калі яна галоўку сыру грызла.
I зноў стары Кот, вырашыўшы, што растлумачыў дастаткова добра, улёгся зручней, каб сон дасніць, а Каток трэці раз на паляванне падаўся.
Цераз двор прабег, вакол хаты абышоў, у хлеў зазірнуў. Бачыць — на бервяне звярок сядзіць, чорную скарыначку грызе. Сам маленькі, шэранькі, хвосцік да зямлі звісае.
«Па ўсіх прыкметах — Мышка, — падумаў Каток. — Але чаму яна хлебную скарыначку грызе, а не сыр? Трэба спытацца, а то і трэці раз памыліцца няцяжка…»
Падышоў Каток і ледзь чутна пытае:
— Ты любіш сыр?
— Ой! — схамянулася Мышка і ад перапуду хлебную скарыначку ўпусціла. — Люблю, — прызналася яна.
— Цудоўна! — пацёр Каток лапкі. — Урэшце я цябе злаўлю і папалудную.
Зразумела Мышка, што трэба неяк выкручвацца, сваё жыццё ратаваць, — пачала хітраваць.
— Пачакай крышку, паважаны Кот, — пачала яна прасіць і наўмысна Катка Катом назвала. — Раз мне выпаў лёс табе на абед трапіць — нікуды не падзенешся. Толькі ў мяне зараз усе зубы чорныя — сам бачыў, я гарэлую скарыначку грызла. Адпусці на хвілінку дадому — зубы пачысціць. Не да твару табе, паважанаму Кату, нейкай там Мышкай-замухрышкай палуднаваць.
Прыемна Катку такія словы чуць. Нават сам сябе паважаць пачаў.
— Добра, — згадзіўся. — Ідзі, толькі доўга не затрымлівайся.
Шмыгнула Мышка ў норку і як у ваду канула.
А Каток аж дасюль каля норкі сядзіць — Мышку чакае. Калі, вядома, не падрос за гэты час ды не паразумнеў.