Лялька
Мама вядзе Таню з дзіцячага садка. На сцяжынцы валяецца лялька — голая, з адарванай рукой. Хлапчук, які прабягаў міма, ударыў ляльку нагой. Яна ўпала на спіну і прастагнала:
— Ма-ма!
У лялькі адарвалася і другая рука. Бедная лялька! Таня пашкадавала яе, асцярожна ўзяла на рукі і спытала:
— Табе баліць?
— Ма-ма! — зноў жаласна прастагнала лялька і заплюшчыла блакітныя вочы.
— Таня, кінь ляльку! — загадала мама. — Паглядзі, якая яна брудная!
— Мамачка, ёй жа баліць!
— Ляльцы не баліць, яна не жывая, — растлумачыла мама.
— Але ж яна плача, значыць — баліць, — сказала Таня і таксама заплакала.
Дома Таня выкупала ляльку ў ванне. Тата прырабіў ёй рукі, а мама пашыла квяцістую сукенку. Ах, якой прыгажуняй стала лялька! Таня бярэ ляльку на рукі, і яна радасна кажа:
— Мама!