Вайна вясны з зімою
Пасварыліся вясна з зімою і пачалі адна другой на злосць рабіць. Зіма гоніць снег, а вясна — дождж, зіма паўзе з марозам, вясна лезе з адлігаю, і йзноў няма парадку. Цярпелі людзі, цярпелі, а пасля давай рабіць, давай радзіцца, па чыёй тут старане ім стаць. Адны казалі: «Мы яшчэ не вымалацілі збожжа, не навазілі дроў, не адпачылі пасля летняе работы, хай пабудзе зіма». Другі йзноў крычалі: «Вон зіму! яна нас памарозіць; мы і так лапці патапталі, кажухі абдралі. Досіць нам яе; хочам вясны». І няведама, як то яно прайшло б на тым сходзе, каб не ўвайшоў старэнькі старац і не пачаў жаліцца на зіму.
Вушы ў яго былі адмарожаны, рука пакрэпла*, світка падзертая, сам ён дрыжэў ад сцюжы. Убачыўшы старца, увесь сход закрычэў у адзін голас: «Не хочам зімы! Хай вясна йдзе да нас». Бедная зіма заплакала горка на людзей; слёзкі яе цяклі з стрэх, білі па шыбах, разліваліся па зямлі, сцякалі ў лужы, з лужаў у рэчкі, з рэчак у моры, з мораў у акіяны.
А вясна смяялася, строілася ў краскі, гарцавала па палёх, песцілася па садох, пяяла з птушкамі, цалавалася з дзеткамі, аж пакуль не пасварылася з летам.
* Заледзянела