Вішанькі-чарэшанькі
Заблішчалі чарэшанькі
Між лісточкаў клейкіх.
Чарэшанькі вабяць вочы
Дзетачак маленькіх.
I хлопчыкі, і дзяўчаткі
Каля дрэўца скачуць,
Ручкі ўгору падымаюць
I ледзь-ледзь не плачуць.
Рады б вішню з’есці,
Ды высока лезці:
На дыбачках станеш —
I ўсё ж не дастанеш.
«Ой, вішанькі-чарэшанькі
Наліліся сокам,
Дык чаму ж вы, спелыя,
Выраслі высока?»
«Мы выраслі высока,
Таму і даспелі,
Калі б выраслі мы нізка,
Нас даўно б вы з’елі».