Галінка і верабей

— Галінка-вярбінка, —

Прасіў верабей, —

Мо пакалыхала б

Маіх ты дзяцей?

Галінка не хоча

Дзяцей калыхаць.

— Ідзіце, казулі,

Галінку ламаць!

Казулі не хочуць.

— Ідзіце, ваўкі,

Лавіці, караці

Казуляў такіх,

Якія не хочуць

Галінку ламаць,

Якая не хоча

Дзяцей калыхаць.

Ваўкі не схацелі.

— Прыходзьце, стральцы,

Каб непаслухмяных

Ваўкоў правучыць,

Якія не хочуць

Казуляў караць,

Якія ляняцца

Галінку ламаць,

Якая не хоча

Дзяцей калыхаць...

Пайшлі паляўнічыя

Ў лес на ваўкоў:

Спалохана зверы

Пабеглі з дуброў,

Пабеглі казуляў

Лавіць і караць;

Казулі пабеглі

Галінку ламаць,

Галінка ж вярбінка

Са страху хутчэй

Давай калыхаць

Вераб’іных дзяцей.

З тых дзён без спачынку,

Каб кожны быў рад,

Калыша галінка

Малых птушанят.