Маша і мядзведзь
Жылі-былі дзед і баба. Была ў іх унучка Маша. Сабраліся раз сяброўкі ў лес — у грыбы ды ў ягады. Прыйшлі зваць з сабою і Машу.
— Дзядулька, бабулька, — кажа Маша, — пусціце мяне ў лес з сяброўкамі!
Дзед і баба кажуць:
— Ідзі, толькі глядзі ад сябровак не адставай, а то заблудзішся.
Прыйшлі дзяўчаткі ў лес, пачалі збіраць грыбы ды ягады. Вось Маша — за дрэўца ды за другое, за кусцік ды за другі — і адышлася далёка ад сябровак.
Пачала яна гукаць, пачала іх клікаць. А сяброўкі не чуюць, не адгукаюцца.
Хадзіла, хадзіла Маша па лесе — зусім заблудзілася.
Зайшла яна ў самую глуш, у самы гушчар. Бачыць — стаіць хатка. Пастукала Маша ў дзверы — ніхто не адзываецца. Штурхнула яна дзверы — дзверы і адчыніліся.
Увайшла Маша ў хатку, села каля акна на лавачку.
Села і думае:
«Хто ж тут жыве? Чаму нікога не відаць?»
А ў той хатцы жыў вялізны-вялізны мядзведзь. Але яго тады дома не было: ён па лесе хадзіў.
Вярнуўся ўвечары мядзведзь, убачыў Машу, зарадаваўся.
— Ага, — кажа, — цяпер не пушчу цябе! Будзеш у мяне жыць. Будзеш у печы паліць, будзеш кашу варыць, мяне кашай карміць.
Пабедавала Маша, пасумавала, ды нічога не зробіш. Пачала яна жыць у мядзведзя ў хатцы.
Мядзведзь на цэлы дзень пойдзе ў лес, а Машы наказвае нікуды без яго з хаткі не выходзіць.
— А калі пойдзеш куды — усё роўна злаўлю і тады ўжо з’ем!
Пачала Маша думаць, як ёй ад мядзведзя ўцячы. Наўкол лес, у які бок ісці — не ведае, папытацца няма ў каго…
Думала яна, думала і прыдумала.
Прыходзіць раз мядзведзь з лесу, а Маша і кажа яму:
— Мядзведзь, мядзведзь, пусці мяне на дзянёк у вёску: я бабулі і дзядулю гасцінцаў занясу.
— Не, — кажа мядзведзь, — ты ў лесе заблудзішся. Давай гасцінцы, я іх сам занясу.
А Машы якраз гэта і трэба!
Напякла яна піражкоў, дастала вялізны кораб і кажа мядзведзю:
— Вось глядзі: я ў гэты кораб пакладу піражкі, а ты занясі іх дзядулю і бабулі. Ды памятай: кораб па дарозе не адчыняй, піражкоў не даставай. Я на дубок залезу, за табой сачыць буду!
— Добра, — кажа мядзведзь, — давай кораб!
Маша кажа:
— Выйдзі на ганак, паглядзі — ці не ідзе дожджык!
Толькі мядзведзь выйшаў на ганак, Маша хуценька залезла ў кораб, а на галаву сабе паднос з піражкамі паставіла.
Вярнуўся мядзведзь, бачыць — кораб гатовы. Узваліў яго на спіну і пайшоў у вёску.
Ідзе мядзведзь паміж ялінкамі, брыдзе мя дзведзь паміж бярэзінкамі, у лагчынкі спускаецца, на ўзгоркі падымаецца. Ішоў-ішоў, стаміўся і кажа:
— Сяду на пянёк,
З’ем піражок!
А Маша з кораба:
— Бачу, бачу!
Не сядай на пянёк,
Не еш піражок!
Нясі бабулі,
Нясі дзядулю!
— Ну і зіркастая, — кажа мядзведзь, — усё бачыць!
Падняў ён кораб і пайшоў далей. Ішоў-ішоў, ішоў-ішоў, спыніўся, сеў і кажа:
— Сяду на пянёк,
З’ем піражок!
А Маша з кораба зноў:
— Бачу, бачу!
Не сядай на пянёк,
Не еш піражок!
Нясі бабулі,
Нясі дзядулю!
Здзівіўся мядзведзь:
— Ну і хітрая! Высока сядзіць, далёка глядзіць!
Устаў і пайшоў хутчэй.
Прыйшоў у вёску, знайшоў дом, у якім дзед з бабай жылі, і давай з усяе сілы стукаць у вароты:
— Тук-тук-тук! Адмыкайце, адчыняйце! Я вам ад Машы гасцінцаў прынёс.
А сабакі ўчулі мядзведзя і кінуліся на яго. З усіх двароў бягуць, брэшуць.
Спужаўся мядзведзь, паставіў кораб каля варотаў, а сам хутчэй у лес наўцёкі.
Выйшлі тут дзед і баба да варотаў. Бачаць — кораб стаіць.
— Што гэта ў корабе? — кажа бабуля.
А дзед падняў вечка, глядзіць — і вачам сваім не верыць: у корабе Маша сядзіць — жывая і здаровая.
Узрадаваліся дзед і баба. Пачалі Машу абдымаць, цалаваць, разумненькай называць.