Хто там стукае ў акно?
— Стук-стук!
— Хто там, хто там?
Хто там стукае ў акно?
На дварэ ўжо ноч даўно!
— Адчыніце,
Гэта воўк.
Я прыйшоў да вас
Здалёк.
Ад сарокі я пачуў,
Быццам тут жыве хлапчук,
Што заўсёды крыўдзіць
Меншых,
Што смяецца
Са слабейшых.
Дзе ён,
Гэты ваш герой?
Забяру яго
З сабой,
Хай сярод лясное цішы
Ваўчанят маіх калыша.
— Што ты, што ты,
Шэры воўк!
Памыліўся ты,
Браток.
Хлопчык наш
Не крыўдзіць меншых,
Не смяецца
Са слабейшых.
Разам з імі ён
Гуляе.
Калі трэба —
Памагае.
Вельмі ціхі
Наш сынок.
Памыліўся ты,
Браток.
— Стук-стук!
— Хто там, хто там?
Хто там стукае ў акно?
На дварэ ўжо ноч даўно!
— Гэта стукае
Мядзведзь.
Адшукаў ваш дом я
Ледзь.
Гаварыла мне сарока,
Што жыве тут недалёка,
Быццам сын у вас
Гультай,
На ўсе просьбы
Толькі
«Ай!
Не хачу!
Не буду!
Потым!»
Трэба гнаць з яго
Ляноту.
Пасаджу яго
Ў мяшок,
Аднясу
У наш лясок.
Хай сярод лясное цішы
Ён дзяцей маіх калыша.
— Што ты, што ты,
Добры мішка!
Нешта блытаеш ты
Крышку.
Бо сынок наш
Не гультай.
У любога запытай.
Ён і маме дапаможа.
Ён і тату дапаможа.
Ціха-ціха за акном.
Вунь пайшлі
Мядзведзь з ваўком.
І каго яны шукаюць,
Спаць уночы замінаюць?
Не здагадваешся?