Як звяры зіму сустракаюць

Мядзведзь

На ўвесь бор,

На ўвесь бор

Гучна грукае тапор.

Гэта Мішка клышаногі

Чэша дошкі для падлогі.

Ставіць ложак, бо яму

Спаць і спаць усю зіму.

Ледзьве холад на парог,

Мішка шусь у свой бярлог.

Кладучыся, пазяхне,

Зарыпяць масніцы...

Хай яму ў мядзведжым сне

Толькі лета сніцца.

 

Заяц

Заяц шэры,

Заяц-зух

Да зімы пашыў кажух

Белы-белы. Зайца ў ім

Не пазнаць цяпер зусім.

Але зайцу не сядзіцца:

Мерзнуць вушы, лапкі.

Шые заяц рукавіцы,

Шые заяц шапку.

— А да ліскі не пайду,

Каб не трапіць у бяду...

 

Воўк

А ваўку-лайдаку

Працаваць няма ахвоты.

Ён блукае ў хмызняку

I зайцоў

Цікуе ўпотай.

А пра дом не дбае.

Дзе там!

Бо пацеў у футры летам.

Воўк забыўся, няйначай,

Што цяпло

Вось-вось міне...

Што ж, няхай зімой паскача,

Не шкада звяругі мне.

 

Лісіца

А лісіца-ліска

Не далёка — блізка

Адшукала норку,

Пачала прыборку.

Вымятае пыл хвастом.

Цёплы дом...

Хай цяпер мароз трашчыць,

Снег па лесе

Сцеле...

— Трэба зайца запрасіць

Мне на наваселле!