Вавёрка
Я рухавы звярок,
Заўжды весела мне.
Мая хатка — дупло
На высокай сасне.
Я на дубе нарву
Шмат буйных жалудоў
I к зімовай пары
Прынясу іх дамоў.
На галінках сасны
Я грыбоў насушу,
Іх багата к зіме
У свой дом нанашу.
Я, рухавы звярок,
Шмат арэхаў знайду,
Самых лепшых нарву
I ў дупло накладу.
Не баюся зімой
Я марозаў ліхіх:
Спачываю ў дупле
На лісточках сухіх.
А як сонца зірне,
Я скачу па сасне.
Мне ў апратцы маёй
Цёпла нават зімой.