Вожык-дзівачок

Вожык,

вожык,

дзівачок!

Не сціскайся

ў кулачок.

 

Я наліў

для дзівачка

поўны сподак

малачка.

 

Але вожык-дзівачок

не глядзіць

у гэты бок.

 

Малака

не хоча ён

і тупоча

на балкон.

 

Ды няма

з балкона сцежак —

ні лясной,

ні палявой.

Толькі пахне

вецер свежы,

пахне лісцем

і травой!