Як конік звяроў катаў
Падаравалі Мікіту драўлянага коніка. Конік увесь белы, у шэрых яблыках. Вочы ў яго шкляныя, а грыва і хвост сапраўдныя — з конскага воласу.
А яшчэ падаравалі Мікіту вазок. Ай ды вазок! Колы чырвоныя, аглоблі залатыя, сядзенне мяккае, на спружынах.
Пачаў Мікіта коніка запрагаць. Паставіў яго ў аглоблі, прывязаў дугу са званочкамі і бомамі. I толькі ён запрог коніка — як затупае той капытамі, як вырвецца ў Мікіты з рук — і пабег па падлозе. Пад стол забег, пад крэсла, пад канапу, а потым з-пад канапы выскачыў — і ў калідор! Увесь цёмны калідор праскакаў і панёсся па лесвіцы. З прыступкі на прыступку скача, а вазок ззаду падскоквае.
Выбег конік на вуліцу, бомамі зазвінеў. Усе дзівяцца, крычаць:
— Глядзіце! Глядзіце! Драўляны конік бяжыць, драўляны вазок вязе!
Збегліся сабакі, брэшуць. Вераб’і ў бакі пырхаюць, каты на плот лезуць — баяцца.
Вось пабег конік праз увесь горад — туды, дзе палі ды гароды пачынаюцца. Гойсае па палях — хвастом матляе. Бачыць — зайцы ў гародзе капусту грызуць, доўгімі вушамі варушаць. Падышоў да іх конік ды пытае:
— Зайчыкі, ці хочаце пакатацца?
— Хочам, хочам! — адказваюць.
Скок, скок у вазок, — і паселі.
Конік хвастом матлянуў, грывай трасянуў — і паімчаў па дарожцы.
Бег, бег, а потым пытае:
— Ну як, зайчыкі, ці добра вам катацца?
Ніхто не адказвае. Паглядзеў конік, аж вазок пусты. Дзе ж зайцы? Куды падзеліся? А зайцы на палянцы гуляюць, скачуць адзін праз аднаго.
— Сумна бо нам у тваім вазку сядзець, — крычаць зайцы, — нам весялей праз пянькі ды купінкі скакаць.
Бяжыць конік па дарозе, зноў пусты вазок вязе. Раптам чуе — нехта ў кустах сапе ды фырчыць.
— Гэй! Хто там сапе? — пытае конік. — Вылазь, я цябе пакатаю!
— Чакай, зараз вылезу, — адказвае яму нехта.
I вось вылазіць з кустоўя вожык — круглы, калючы, увесь у іголках. Пасоп ён, пафырчэў, а потым ускараскаўся на вазок — клубочкам скруціўся.
Рады конік — ёсць каго павазіць! Бяжыць, бяжыць конік, то ўправа, то ўлева паверне, а ў вазку вожык з кута ў кут сабе качаецца.
Качаўся, качаўся, дый выкаціўся з вазка на дарогу.
Азірнуўся конік — што такое? Згубіўся вожык!
Зноў вязе конік пусты вазок. Бачыць, мядзведзь ля дарогі збірае з кустоў маліны. Тоўсты-таўшчэзны мядзведзь.
— Ці не хочаш, дзядзька Міхал, пакатацца? — пытаецца конік.
— Добра, — адказвае мядзведзь, — толькі куст малін аб’ем і паеду.
Пацмокаў мядзведзь, аблізаў лапы і палез у вазок. Затрашчаў вазок пад ім. Напяўся конік — ледзьве скрануў з месца вазок. З усяе моцы стараецца, вязе, сапе. Зацягнуў мядзведзя на горку, а ўжо з горкі вазок сам пакаціўся.
Колы на каменьчыках падскокваюць, мядзведзя ў вазку патрэсвае, мядзведзь у вазку пагырквае. А як трасянула яго мацней — ён і вываліўся. Сядзіць на дарозе, лапамі нос чухае.
— Не буду больш катацца, — раве. — Буду на сваіх чатырох хадзіць. — I пайшоў у лес. Сумна коніку — ніхто больш катацца не хоча.
Пайшоў ён дахаты. Падыходзіць да ганка, а там на ніжняй прыступцы Мікіта сядзіць, вяровачку да дубчыка прывязвае — пугу робіць. Убачыў Мікіта коніка і крычыць:
— Ты куды з дому сыходзіў? Я катацца хачу!
— Сядай, Мікіта, сядай,— кажа конік.— Толькі моцна мяне пугай не сцябай.
Сеў Мікіта ў вазок, нацягнуў лейцы ды як гукне:
— Н-н-но-оо! Паехалі!
Вух, як паімчаў конік! Мікіта нацягне правую ляйчыну — конік управа бяжыць, нацягне ле вую — ён улева паварочвае. Гароды прамінулі, зай цоў напалохалі, паўз кусты праехалі, дзе вожык хаваецца, па лесе праскакалі, куды мядзведзь сышоў.
Ехалі паўз возера — там Мікіта вады напіўся. Ехалі полем — там Мікіта жука злавіў. Ехалі лесам — там Мікіта сунічынку сарваў.
Ездзілі, ездзілі і павярнулі дахаты. Падкацілі да ганка, спыніліся.
— Тпрр-ррр! Прыехалі!
Паставіў Мікіта коніка зноў у куток пад ложак, дзе ён раней стаяў, папяровага сена яму нарэзаў.
— Еш, — кажа, — конік. Ты сёння шмат бегаў.
А папраўдзе конік нікуды не бегаў, а гэта мы з Мікітам так гулялі.