Натальчына сямейка

Сям’я ў Наталькі невялікая — Каця і Мішка. Вы скажаце: якая ж гэта сям’я? Гэта ж цацкі. Няхай сабе цацкі, але яны як жывыя.

Каця ўмее плакаць. Толькі яе зачэпіш, яна адразу ж: а-а-а! А пачне Наталька супакойваць, на руках калыхаць, дык яна аж заходзіцца. Вочы ў Каці сінія, вялікія, самі расплюшчваюцца і заплюшчваюцца. А валасы чорныя-чорныя. Шмат клопату Натальцы з Кацяй — і накармі яе, і прычашы, і памый, і спаць палажы, ды яшчэ і спявай ёй:

Лю-лі, лю-лі, лю-лі,

Ўсе даўно паснулі.

Не спіць адна ў хаце

Толькі мая Каця!

Затое калі ўжо Каця засынала, дык спала доўга. А Наталька тым часам бралася за іншую працу. Шыла Каці новую сукенку. А Мішка сядзеў сабе каля Кацінага ложка і круглымі, быццам гузікі, вачыма ўважліва цікаваў, як бегае ў Натальчыных пальчыках іголка.

Мішка быў паслухмяны і добры. Праўда, яму часта балеў жывот. Калі хто знянацку ткне, бывае, яму пальцам у жывоцік, дык ён аж прысядзе ад болю: ой-ой!

Наталька шкадавала Мішку. Яна ведала, чаму ён крычыць. «Яму рабілі аперацыю, — расказвала. — Была ў яго на жывоціку болька. Дактары яе выразалі, а ў ямачку ўставілі кнопку».

Моцна спіць Каця. Наталька шые сукенку. I тут зусім неспадзявана хтосьці — торк Натальку пад локаць: ай! Аж кропелька крыві выскачыла на паколатым пальчыку. Усхапілася Наталька, замахала рукою ад болю. А вусаты Кузьма трэцца аб ногі, як ні ў чым не вінаваты. Кузьма — гэта кот. I Наталька добра ведае, што гэта ён штурхнуў яе пад локаць. Ён заўсёды ляжыць, ляжыць у запечку, а сумна стане — падыдзе, выгне спіну і трэцца аб цябе. Хоча, каб з ім гулялі.

— Ты будзеш тата! — строга загадала яму Наталька.

Кузьму гэты абавязак прыйшоўся не па душы. Ён пакрыўджана паглядзеў на Натальку, сонна пазяхнуў і адышоў у куток. Але доўга ўседзець не мог.

Як толькі Наталька ўзялася за шытво, ён, крадучыся, падпоўз да Мішкі і драпнуў яго лапай па жываце. Мішка як войкне, як заенчыць ад болю, як кінецца пад Кацін ложак, каб схавацца. Але ж каму невядома, якія ўсе Мішкі непаваротныя. Ложак перакуліўся. Каця выпала з пасцелі. Нічога не цямячы спрасоння, яна то расплюшчвала, то заплюшчвала вочы. I так заплакала, што Кузьма, ведаючы віну, кінуўся з-пад самых Натальчыных ног, адным махам ускочыў на палічку, прыбітую над мыцельнікам, і схаваўся там за гладышом.

— Хіба так робяць таты? — сказала з дакорам Наталька і сярдзіта паківала яму пальцам. Хто ведае, колькі б ён там прасядзеў, але з гладыша так пахла смятанай, што Кузьма не вытрываў — падняўся на лапах і зазірнуў у гладыш. Ён памятаў, што раніцай, калі снедала Наталька, дык і яго частавала. Смачная смятана. Але засталося мала, толькі на самым дне. Як яе адтуль дастаць? Кузьма лапамі нагнуў гладыш, асцярожна паклаў яго і залез з галавой усярэдзіну. З гладыша тырчэў толькі хвост.

— Кузьма! — крыкнула Наталька.

— Мала, м-м-а-ла! — пачуўся гулкі водгалас.

— Вось я табе задам мала! — прыгразіла Наталька.

Кузьма хацеў уцячы і разам з гладышом бразнуўся з паліцы.

Калі Наталька глянула на падлогу, там ляжалі толькі чарапкі. А Кузьма… Убачыўшы Кузьму, Наталька так і зайшлася ад смеху… Уся яго галава да вушэй і пушыстыя вусы былі белыя, нібы мылам набеленыя.

Кузьма незадавлена паморшчыўся, потым, наслініўшы лапу, пачаў старана скрэбці ёю каля вусаў… На той час у хату зайшла Натальчына мама. Яшчэ з парога яна заўважыла непарадак.

— Што тут робіцца ў вас? — спытала яна.

— Наш тата голіцца! — смеючыся, адказала Наталька.