Янкава рукавічка

Выйшла бабуля ў сад, села на ўслончык і пачала вязаць унуку Янку рукавічку.

Раніца была цёплая, ласкавая, грэла сонейка, пад страхой пішчалі вераб’і, а ў траве бегаў коцік.

Апоўдні рукавічка была амаль гатовая.

Вязала бабуля, вязала, ды, седзячы, і заснула.

Коцік убачыў клубок у траве, скокнуў да яго, торкнуў лапкай раз-другі, клубок і закаціўся ў кусты.

А там ляжаў Янка.

— Псік! — прагнаў ён коціка. Потым падняў клубок і пачаў намотваць на яго нітку. Матаў, матаў, а нітцы няма канца.

Бабуля прачнулася і пляснула ў далоні:

— Бацюхны мае! А дзе ж рукавічка?!

А ад рукавічкі адзін пальчык застаўся. Усю рукавічку Янка зноў на клубок пераматаў.