Коцік
— Коцік, коцік,
дзе ты быў?
— Я ўсю ноч
мышэй лавіў.
— Коцік, коцік!
— Мяў, мяў, мяў...
— А ці многа
Ты спаймаў?
— Не спаймаў я
аніводнай
і цяпер
сяджу галодны...
— Коцік, коцік,
дзе ты быў?
— Я па беразе
хадзіў.
Сеў ціхутка
пад масток,
лавіў рыбку
за хвасток.
— Коцік, коцік!
— Мяў, мяў, мяў...
— А ці многа
ты спаймаў?
— Не спаймаў я
аніводнай
і цяпер
сяджу галодны...
— Ах, гультай
і абібок!
Ты ўсё выдумаў знарок.
І мышэй
ты не лавіў,
і на рэчку
не хадзіў.
А прачнуўся
на світанку
і злізаў
усю смятанку!