Чаму Волечка не сарвала кветкі

Раніцай першакласніца Волечка ішла ў школу. Каля дарогі яна ўбачыла кветку рамонка.

Ой, якая прыгожая! Волечка працягнула руку, каб сарваць кветку і занесці ў школу. Але раптам яна ўбачыла на пялёстачку кропельку расы. А ў кропельцы — сонца. I блакітнае неба, і зялёная ніва, і высокая таполя — усё ў кропельцы!

Заглядзелася Волечка на чароўную расінку і не сарвала кветкі.