Дзікія козы
Быў на свеце адзін бедны чалавек, не меў ён сабе прытулку. І пайшоў ён сабе ў свет, куды вочы глядзяць. Трапіў ён у густы лес.
Доўга ён хадзіў па лесе, замарыўся чыста, згаладаўся. Выбіўся такі ён на палянку. Палянка вялікая, кругом лес. Трава на ёй зялёная, густая. Пайшоў той чалавек па палянцы, аж бачыць, хатка стаіць, ды такая цікавая, што ніколі яшчэ ён такой і не бачыў. Збудавана хатка з бліноў, печ у ёй з сыру, а комін з масла.
Як убачыў гэты чалавек бліны, сыр, масла, давай абдзіраць іх і есці. Так есць, што аж за вушамі трашчыць. Пааблупліваў сцены, папсаваў печ, комін… Аж чуе, гул пайшоў, топат, лопат па лесе. Спалохаўся ён: «Куды мне дзецца?» думае сабе. Убачыў ён падпечак і нырнуў туды.
А гэта было стада коз вялікае, вялікае. Прыбеглі козы, як убачаць, што нехта хату паабдзіраў, дужа жаласна забляялі. Потым кінуліся шукаць злодзея: бегалі і туды і сюды — нікога не знайшлі. Няма чаго рабіць, сталі папраўляць хатку: напяклі бліноў, набілі масла, адтапілі тварагу — пазамазвалі комін, печку, пазалеплівалі сцены.
На другі дзень пайшлі яны на пасту, але адну казу пакінулі, каб яна сцерагла хатку. Ляжыць каза, вокам не зміргне, сцеражэ. А ўжо таму чалавеку і есці захацелася, ды баіцца вылезці з падпечка. Стаў ён на казу сон напушчаць: глядзіць на яе і прыгаворвае: «Спі вочка, спі вочка, спі вочка!» Адно вочка заснула. Ён тады: «Спі другое! спі другое, спі другое!» І другое заснула. Тады ён вылез з падпечка, наабдзіраў бліноў, сыру, масла, — ды пад печ і есць сабе там памаленьку.
Прыйшлі козы дамоў — спіць іхні вартаўнік, а хатка ізноў абадрана. Хацелі яны біць тую казу, а яна кажа: «Што я вінавата, я старалася, як магла. Але неяк сталі мае вочы змыкацца і я заснула». Сабраліся козы, сталі браць раду, як збыць такую бяду. Рбдзіліся, рбдзіліся і пастанавілі зрабіць вартаўніком такую казу, у якой трое вачэй. Знайшлі такую казу і паставілі яе на варце, а самі пайшлі.
Наш чалавек нічога гэтага не ведаў. Бачыць — ляжыць каза, думае: навяду на яе сон, а сам наемся. Стаў ён глядзець на яе ды прыгаворваць: «Спі вочка! спі другое! спі другое!» Заснула ў казы адно вочка і другое. Вылез той чалавек з-пад печы і ўжо хацеў абдзіраць сцены, — аж тут каза ўбачыла яго трэцім вокам, прачнулася і забляяла дзікім голасам.
Козы пачулі, прыбеглі і хацелі ўжо біць таго чалавека рагамі. Стаў ён тады іх прасіць-маліць: «Козачкі, даражэнькія, пусціце жывога, буду вам век служыць».
Козы злітаваліся над ім і паставілі яго за пастуха ў сябе. Ён іх пасвіў, даіў, рабіў масла, сыры… Вось з тае пары і пайшлі козы чалавеку служыць.