Сняжынка

Выбегла Тацянка з дому. Снег мяккі сыпле, усцілае зямлю. Выцягнула ручкі ў сініх рукавічках. На іх зоркі-сняжынкі — мама вышывала. Але вось жа і яшчэ сняжынка прыбавілася. Сняжынка сапраўдная. Яна маленькая, куды меншая за вышываную. Толькі што гэта? Яна яшчэ меншая робіцца. Глядзіць на рукавічку Тацянка, а сняжынка ўсё меншае і меншае. Раптам зусім прапала. Дзе ж яна падзелася? Тацянка перавярнула руку — і тут няма!

Тым часам на далоньку апусцілася яшчэ адна сняжынка. Вялікая, пушыстая.

«Ну, цяпер я разумнейшая буду»,— падумала Тацянка. Сціснула яна сняжынку ў рукавічцы і дадому хутчэй пабегла — маме паказаць. Вельмі ўжо гэтая сняжынка да мамінай вышыванай падобная.

— Мама, зірні, што я прынесла! — і выпрастала руку. А на далоні зноў нічога няма! Заплакала Тацянка ад крыўды.

— I куды яна падзелася? — плача Тацянка.

— Хто? — пытаецца мама.

— Сняжынка! Я табе яе ў рукавічцы прынесці хацела. Несла, несла і згубіла па дарозе!

— Не плач! Не згубіла ты яе… — і мама расказала Тацянцы, што здарылася са сняжынкай.

А вы здагадаліся, дзе падзелася сняжынка?