Што такое добра і што такое дрэнна?

Сын малы

Спытаўся ў бацькі:

— Знаць хачу я пэўна:

Што такое добра

I што такое

дрэнна?

Я падслухаў

і для вас,

Малышы, малышкі,

Бацькі гэтага

Адказ

Запісаў у кніжку.

— Калі дождж ідзе

і скрозь

Гразка,

непрыемна,

Кожны знае —

гэта вось

Для прагулак дрэнна.

Дождж пакапаў і прайшоў.

Сонца ў цэлым свеце.

Гэта — добра, малышок,

I старым і дзецям.

Калі

часам

сын ахвочы

Да гразі і сажы,

Гэта вельмі

дрэнны хлопчык —

Кожны вам так скажа.

Калі ж

хлопчык

любіць мыла,

Не лянуецца ўставаць,

Гэты хлопчык

вельмі мілы,

Можна прыклад з яго браць.

Калі б’е

благі хлапчук

Слабага, малога,

Я і ў кніжку

не хачу

Устаўляць

такога!

Гэты кажа:

— Не чапай

Тых,

хто меншы ростам! —

Гэты хлопчык,

так і знай,

Малайчына проста!

Калі хлопчык,

як дзівак,

Кніжкі рве

і топча,

Усе дзеці кажуць так:

Кепскаваты хлопчык.

Калі любіць працаваць,

Да навук

ахвочы,—

Дык тут кожнаму

відаць:

Гэта добры хлопчык.

Гэты хлопчык

ад варон

Уцякае з плачам.

Баязлівец

проста ён,

Як заяц,

няйначай.

Гэты,

хоць з вяршок хлапец,

Птушак

не баіцца.

Ён адважны,

маладзец,

Ёсць чым пахваліцца.

Гэты ў бруд палез

і рады,

Што ў гразі кашуля.

Пра такога

мамы, таты

Кажуць:

— Ен мурзуля.

Гэты

чысціць паліто,

Мые сам

галёшы.

Хоць малы ён,

ды нішто,—

Ўсё рабіць сам можа.

Помні

гэта кожны сын,

Кожны знай

дзіцёнак:

З сына вырастае

свін,

Калі сын —

свінёнак.

Хлопчык вельмі

рады быў

I рашыў сумленна:

«Буду

добра

я рабіць

I не буду

дрэнна».