Дадумалася
У свірне пасяліўся сярдзіты кот. Дрэнна стала жыць мышам. Сабраліся мышы на раду: што рабіць, каб як ад ката збавіцца. Думалі, думалі, ні да чаго не дадумаліся.
Аж адазвалася нейкае мышанё: «Я ведаю, што трэба зрабіць. Трэба кату званок на шыю начапіць, тады будзе чутно, куды ён ідзе, і мы пахаваемся».
«Добрая твая выдумка, — кажа старая мыш, — але хто ж гэты званок начэпіць на ката? Вось вазьміся ты, дык мы табе дзякуй скажам».