Каза-манюка

Жыў дзед ды баба з дачкою. I была ў іх каза. Пагнала дачка пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіла па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты. Дзед пытаецца ў казы:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?

Каза кажа:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…

Насварыўся дзед на дачку, што дрэнна казу пасвіла, і назаўтра выправіў бабу.

Цэлы дзень пасвіла баба казу па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты.

Дзед зноў пытаецца ў казы:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?

Каза кажа:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…

Дзед і на бабу насварыўся, што дрэнна казу пасвіла. Надзеў тады дзед бабін каптан і хустку ды пайшоў сам пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіў па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары вярнуўся дахаты, пераапрануўся, сеў на прызбе і чакае казу з пашы.

Прыйшла каза на двор. Дзед пытаецца:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?

Каза кажа:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…

Узлаваўся дзед на казу-манюку, прывязаў яе за плот, а сам пайшоў касу вастрыць, казу-манюку рэзаць.

Дазналася аб гэтым каза, сарвалася з прывязі і пабегла ў лес. Знайшла ў лесе зайчыкаву хатку, залезла ў яе і жыве там, а зайчыка і на парог не пускае.

Сеў зайчык пад елачкай і плача. Ідзе воўк:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка — новая, яловая. Прыйшоў нейкі звер рагаты ды барадаты, выгнаў мяне з хаты і сам у ёй жыве, а мяне і на парог не пу скае.

— Ну добра, не плач, я таго звера выганю.

Падышоў воўк да зайчыкавай хаткі, пастукаў хвастом у дзверы і кажа:

— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!

А каза як затупае за дзвярыма, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Спужаўся воўк ды ад бяды ўцёк. А зайчык зноў сеў і плача. Ідзе мядзведзь:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?

— Як жа не плакаць, як не журыцца?

І расказаў мядзведзю пра сваю бяду.

— Ну добра, — кажа мядзведзь, — не плач, я таго звера адразу выганю.

Падышоў ён да зайчыкавай хаткі, патупаў каля дзвярэй ды кажа:

— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!

А каза як затупае, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Спужаўся і мядзведзь ды ў гушчар — кульгець, кульгець… Ідзе певень. Убачыў заплаканага зайчыка і пытаецца:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго, брат, зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца?

I расказаў зайчык пра сваю бяду.

— Э, — кажа певень, — такую бяду я адной лапай развяду. Я таго звера ведаю — гэта дзедава каза-манюка…

Падышоў певень да зайчыкавай хаты, залопаў крыламі, закукарэкаў:

— Кукарэку! Кукарэку! Заб’ю казу-недарэку!

Пачула каза ды як затупае, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Тады певень яшчэ мацней залопаў крыламі і закрычаў:

— Гэй, каза, збірай манаткі,

уцякай хутчэй ты з хаткі.

бо вунь дзед ідзе,

ён касу нясе…

Як пачула каза пра дзеда з касою, напужалася і кулём выскачыла з хаткі. А зайчык з пеўнікам зайшлі ў хатку і сталі там жыць-пажываць ды дабра нажываць.