Маланка і Гром
У згодзе калісьці жылі Маланка і Гром.
Любіла Маланка, калі хмары ўкрывалі неба і ажно чорным рабілася ўсё навокал.
А Гром, гледзячы на яе, шчыра радаваўся. Сябраваў ён з Маланкай. Ды неяк гарачая Маланка нізка над зямлёй шуганула і зачапіла дрэва. Загарэлася яно. Маланка ўзрадавалася і давай іншыя дрэвы паліць!
Гром разгневаўся на Маланку, пачаў сварыцца на яе, каб не паліла дрэў. Але Маланка не паслухалася Грому. Людзей крыўдзіць пачала, будынкі падпальваць.
I цяпер у навальніцу — толькі блісне Маланка, Гром ужо злуецца, сварыцца на яе.
Маланка яшчэ больш разыходзіцца — Гром голас павышае. I так да таго часу, пакуль не ўтаймуе ліхадзейку, пакуль не перастане сваволіць Маланка. Тады і Гром сціхае. Тут, глядзіш, і дождж перастае.
А новая навальніца пачнецца — усё паўтараецца. Кароткая памяць у ліхой Маланкі!