Лебедзь, шчупак і рак
Плаваў лебедзь каля берага і, выгнуўшы шыю, пазіраў на ваду. Плыў паўз яго шчупак, спыніўся і пытае:
— Скажы, калі ласка, дзе ты бываеш, як рэчка замярзае?
— А нашто табе знаць?
— І я хачу на зіму куды-небудзь уцячы, а то пад лёдам задыхнуцца можна без свежага паветра.
— Я на зіму лячу адсюль у цёплы край і жыву там да вясны.
— Вазьмі і мяне з сабою! — сказаў шчупак.
— А чаму не ўзяць — мне ўсё роўна! Калі хочаш, падамося разам, весялей будзе.
Пачуў іхнюю гаворку рак і кажа:
— Вазьміце і мяне!
— Ну што ж, хочаш — збірайся і ты з намі, гуртам весялей будзе. Прыйдзе восень, я вам тады скажу, калі ляцець.
Лебедзь думаў, што калі яны ў вадзе плаваюць, то ўмеюць і ў паветры лятаць.
Мінула лета, настала восень, лебедзь і кажа:
— Ну, пара ляцець у вырай, збірайцеся на заўтра, пасля абеду рушым у дарогу.
Шчупак сказаў раку. Рак падумаў і кажа:
— А як жа мы, браце, будзем жыць без яды? Давай возьмем з сабой на дарогу харчоў, каб нам хапіла да цёплага краю.
— А як мы іх возьмем? — пытае шчупак.
— Давай нагрузім харчамі возік, запражомся ў яго і падамося. Запросім і лебедзя за кампанію, ён нам паможа, утрох пацягнем харчы.
Знайшлі рак і шчупак воз, звілі з травы пастронкі і чакаюць лебедзя. Назаўтра прыляцеў лебедзь і кажа:
— Ну, вы тут гатовы? А то я ўжо лячу!
— Гатовы, гатовы, толькі ты, калі ласка, дапамажы нам воз везці: давай мы ўсе трое ўпражомся.
— Добра, чапляйце пастронак мне за нагу.
Рак прывязаў лебедзю пастронак за нагу. Свой узяў у клюшні, а шчупак учапіўся за трэці зубамі.
— Ну, разам! Рушылі!
Рак хвосцікам замалаціў, пацягнуў назад, шчупак разагнаўся стралою ў ваду, на дно, а лебедзь замахаў крыламі і рвануў угору; парваліся ўсе пастронкі, а воз ні з месца. Хто з іх быў вінаваты, хто не — ніхто не знаў і судзіць іх ніхто не стаў. Толькі жабы ўволю насмяяліся і ўсё дзівіліся: чаго гэта рак і шчупак не за сваю справу браліся?