Песня аб вясне
Уцякай, мароз-дзядуля!
Чуеш ты, стары, ці не?
На пагорках — булі-гулі! —
Песні чуюцца вясне.
Звоніць, скача, як дзіцятка,
Гэты жэўжык-ручаёк.
На яго, бы тая матка,
Сонца кідае свой зрок.
А ён, гучны і смяшлівы,
Так і ходзіць, аж дрыжыць,
I другі сябрук шчаслівы
Насустрэч яму бяжыць.
А зіма аж пачарнела —
Годзе ёй тут кросны ткаць!..
Гэй, маленства, жыва, смела
Выйдзем весну прывітаць!