Прылёт птушак

Ціхая раніца. Сонейка толькі што ўзышло. У полі яшчэ ляжыць снег. Толькі ўзгоркі чарнеюць. Лужынкі сцягнуліся за ноч лядком. Але ўжо чуваць вясна, і ўсё пазірае па-веснавому.

Выйшаў маленькі Янук на двор.

Вясёла там яму, лёгка на сэрцы. Прыгрэе зараз сонца, добра будзе гуляць на дварэ.

Што гэта звоніць у небе тоненькім срэбраным званочкам? Так хораша, так міла, — душа замірае! Янук прыслухаўся. Не відаць нічога, а ў небе ціха разліваецца тоненькая песня, як грае хто на сярэбранай дудачцы. Гэта жаўранка! І так вясёла Януку! Здаецца, каб льга было, пацалаваў бы мілую птушачку. Галубка! Яна ўжо вярнулася з далёкае старонкі ў наш бедны край і ў ясным небе заліваецца дзіўнаю песняю.

— Татуля! татуля! чуеш жаўранку?

Бацька Янука прыслухаўся.

— Але, жаўранка. Ну, зараз, брат, і шпак прыляціць, а там і бусел, а за ім і ўсе птушкі.

Рад Янук, што першы пачуў ён жаўранку, пабег хваліцца сваім сябрам. Дзеці выходзілі на двор слухаць першую песню вясны. І ім было вясёла.