Ай! Не буду! Не хачу!
Есць у Ланы тры сястрычкі:
Ай! Не буду! Не хачу!
За сястрычкамі благімі
Кожнай раніцай сачу.
Будзяць Лану:
— Уставай!
А сястрычка цягне:
— Ай!
— Ланачка, памый пасуду.
А сястрычка зноў:
— Не буду!
Узяла сястрычак Лана
У дзіцячы сад з сабой.
На пацешных хочуць глянуць
Дзеці ўсе наперабой.
Цацкі лепшыя свае
Кожны пагуляць дае.
Просяць:
— Ляльку палюляй.
Ды бурчыць сястрычка:
— Ай!
— Прынясі вады вярблюду.
А сястрычка ім:
— Не буду!
— Мішкам дай па калачу.
А сястрычка:
— Не хачу!
I сказалі дзеці Лане:
— Хто дружыць
З такімі стане?
Хай капрызныя сястрычкі
Кепскія забудуць звычкі
I тады ідуць у сад,
А пакуль —
вядзі назад!