Ластаўкі

Прыляцела ластаўка з далёкага выраю. Села яна на страху старога гумна ды зашчабятала. Вясёленькая песенька яе так і пасыпалася па ўсім дварэ мілым шчэбетам. Уляцела яна ў гумно даведацца свайго даўнейшага леташняга доміка. А ён за зіму абсыпаўся, абвіс павуціннем, і толькі камячок гразі дзяржаўся каля сахі, на каторую апіралася страха гумна. Туды прыляцела і другая ластаўка. Пашчабяталі яны ўдзвёх, парадзіліся ды давай папраўляць сваю хатку. Ачысцілі яны яе ад павуціння і пылу. Кожны дзень па некалькі разоў прыляталі яны ў гумно, насілі ў дзюбках клейкую гразь, замазвалі дзіркі ды далей рабілі гняздзечка, каб яно было глыбейшае і большае. Доўга працавалі ластаўкі, і вылепілі яны харошанькае кругленькае гняздзечка. Тады сталі насіць пёрцы ды высцілаць імі дно. Самічка-ластавачка несла там свае маленькія рабенькія яечкі.

Цераз тыдні два з яечак вышлі голенькія маленькія птушачкі з жоўценькімі роцікамі. У тое гумно часта прыходзіў гаспадарскі сын Пятрусь. Любіў ён, лёгшы на саломе, пазіраць, як турбаваліся старыя ластаўкі, носячы корм сваім маленькім дзеткам. А маладзенькія ластавачкі са дзіліся ў гняздзе ў рад і разяўлялі роцікі, як толькі прылятала да іх каторая-небудзь старая ластаўка. Старыя клалі корм кожнай па чарзе. Пятрусь любіў на гэта пазіраць і, лежачы, ціха сам сабе смяяўся.