Хто сказаў «мяў»?
Сабачка спаў на дываніку ля канапы. Раптам праз сон ён пачуў, як нехта сказаў:
— Мяў!
Сабачка падняў галаву, паглядзеў — нікога няма.
«Гэта я, мусіць, сасніў», — падумаў ён і ўладкаваўся зручней. I тут нехта зноў сказаў:
— Мяў!
— Хто там?
Ускочыў Сабачка, абабег увесь пакой, зазірнуў над ложак, пад стол — нікога няма. Залез на падвоканне, убачыў: за акном па двары ходзіць Певень. «Вось хто не даў мне спаць! — падумаў Сабачка і пабег на двор да Пеўня.
— Гэта ты сказаў «мяў»? — спытаў Сабачка Пеўніка.
— Не, я кажу…— Пеўнік залопаў крыламі і закрычаў: — Ку-ка-рэ-ку-у!
— А больш ты нічога не ўмееш гаварыць? — спытаў Сабачка.
— Не, толькі «ку-ка-рэ-ку», — сказаў Пеўнік.
Сабачка пачухаў задняй лапай за вухам і пайшоў дадому…
Раптам ля самага ганка нехта сказаў:
— Мяў!
«Гэта тут!» — сказаў сабе Сабачка і пачаў жвава капаць пад ганкам усімі чатырма лапамі. Калі ён выкапаў вялікую яміну, адтуль выскачыла маленькая шэрая Мышка.
— Ці не ты сказала «мяў»? — строга спытаў яе Сабачка.
— Пі-пі-пі, — запішчала Мышка, — а хто так сказаў?
— Нехта сказаў «мяў»…
— Блізка? — захвалявалася Мышка.
— Вось тут, зусім побач, — сказаў Сабачка.
— Мне страшна! Пі-пі-пі! — запішчала Мыш ка і шмыгнула пад ганак. Сабачка задумаўся. Раптам ля сабачай будкі нехта гучна сказаў: «Мяў»…
Сабачка тройчы абабег будку, але нікога не знайшоў. У будцы нехта заварушыўся. «Вось ён! — сказаў сабе Сабачка. — Зараз я яго злаўлю…»
Ён падкраўся бліжэй. Насустрач яму выскачыў вялізны калматы Пёс.
— Р-р-р-р-р! — рыкнуў Пёс.
— Я… я хацеў даведацца…
— Р-р-р-р!
— Гэта вы сказалі… «мяў»? — прашаптаў Сабачка, падціскаючы хвосцік.
— Я?! Ты смяешся, шчанюк!!!
З усіх ног Сабачка кінуўся ў сад і схаваўся там пад кустом. I тут, проста ў яго над вухам, нехта сказаў:
— Мяў!
Сабачка вызірнуў з-пад куста. Перад ім на кветцы сядзела калматая Пчала. «Вось хто сказаў «мяў», — падумаў Сабачка і хацеў быў ухапіць яе зубамі.
— З-з-з-з! — загула пакрыўджаная Пчала і балюча ўджаліла Сабачку ў кончык носа.
Завішчаў Сабачка, пабег, а Пчала за ім ляціць і гудзе:
— Удж-дж-джалю! Удж-дж-джалю!
Падбег Сабачка да сажалкі — і ў ваду. Калі ён вынырнуў, Пчалы ўжо не было. I тут зноў нехта сказаў:
— Мяў!
— Гэта ты сказала «мяў»? — спытаў мокры Сабачка ў Рыбы, якая праплывала побач.
Рыба нічога не адказала, махнула хвастом і знікла ў глыбіні сажалкі.
— Ква-ква-ква! — засмяялася Жабка, што сядзела на лісце гарлачыка.— Хіба ты не ведаеш, што рыбы не размаўляюць?
— А можа, гэта ты сказала «мяў»? — спытаў Сабачка ў Жабкі.
— Ква-ква-ква! — засмяялася Жабка. — Які ты дурненькі! Жабкі толькі квакаюць.
I скокнула ў ваду.
Пайшоў Сабачка дадому мокры, з распухлым носам. Сумны, уладкаваўся ён на дываніку ля канапы. Раптам пачуў:
— Мяў!
Ён ускочыў. На падвоканні сядзела пухнатая паласатая Котка.
— Мяў! — сказала Котка.
— Гаў-гаў-гаў! — забрахаў Сабачка, потым узгадаў, як рыкаў калматы Пёс, і зарыкаў: — Р-р-р-р-р!
Котка выгнулася, засычэла: «С-с-с-с!» Зафыркала: «Фыр-фыр-фыр!» — і выскачыла ў акно.
Вярнуўся Сабачка на свой дыванік і паклаўся спаць.
Ён цяпер ведаў, хто сказаў «мяў»!