Пчала і муха

Жылі-былі пчала і муха. Пчала з ранку да вечара па лугах лётала, мёд збірала. А муха мёд толькі есці любіла. Дзе мёдам запахне, там і яна. А дзе мёду не чуваць, там муха не хоча нават і пераначаваць.

Аднаго разу прысела муха адпачыць на зялёным лузе. Сонейка муху прыгравае, лёгкі ветрык абвявае. Наўкол кветкі цвітуць, жвавыя конікі скачуць. У небе птушкі песенькі спяваюць.

Задумалася муха: як добра на свеце жыць!

Думала-думала ды і задрамала.

А ў гэты час над лугам пчала пралятала. Ляціць, гудзе, мёд у вулей нясе. Цяжка ёй, аж стогне, небарака.

Прахапілася муха ды як закрычыць на пчалу:

— Ах ты, сякая-такая! Чаго тут над вухам стогнеш, мне спаць не даеш!

— Выбачай, — сказала пчала. — Я шмат мёду нясу, дык і стагну.

— Ха-ха, — засмяялася муха, — шмат мёду нясеш, а сама нябось галодная: вунь якая худая — адны косці…

— Праўда, — адказвае пчала, — мы, пчолы, збіраем пуды, а самі худы.

— А чаму ж вы худы? — I мёд у вас, і вашчына ў вас…

— Дык жа мёд мы збіраем не толькі сабе, а і сваім дзеткам, і гаспадару, які нам хату зрабіў, даглядае нас.

— Чакай, чакай, — кажа муха, — я нешта не зусім цябе разумею: як гэта можна збіраць мёд для іншых? Мы, мухі, так не робім. Мы толькі гатовага мёду шукаем.

— Ат, — замахала крыльцамі пчала, — няма мне калі з табою гаманіць: трэба хутчэй дадому спяшацца, мядовую кашку дзеткам варыць.

— А дзе возьмеш ты мядовую кашку?

— На сабе вязу.

— У чым?

— У вазку, у палазку і за пазушкай.

Загула пчала ды паляцела ў свой вулей.