Маладое-неразумнае

Прыйшла маленькая мышка ў нару да свае маткі дый кажа: «Вось, мамка, я на дварэ двух звяроў бачыла. Адзін страшны-страшны, а другі добры». Матка спытала: «Скажы ж, якія там звяры?» Мышка сказала: «Адзін страшны, ходзіць па панадворку во гэтак: у яго ногі чорныя, а чуб чырвоны, вочы вылуплены, а нос крывы. Як я міма яго ішла, ён адкрыў ляпу, нагу падняў ды як закрычыць, ды так голасна, што я са страху не ведала, дзе дзецца!»

— Гэта певень, — сказала старая маці. — Ён ніколі нічога благога не робіць, ты яго не бойся. Ну, а другі звер які быў?

— Другі ляжаў сабе, на сонейку грэўся. У яго шыйка беленькая, ножкі шэранькія, шэрстка гладзенькая. Сам ліжа сваю белую грудку і хвастом ледзь-ледзь кратае ды на мяне глядзіць.

Старая мыш толькі паківала галавою ды сказала:

— Дурное ты, дурное! То ж сам кот быў.