Верны прыяцель
У аднаго селяніна быў вялікі сабака. Стаў ён стары і ўжо не мог вартаваць гаспадарскае дабро. Не хацелася селяніну дарма карміць сабаку. Вось ён узяў з сабой вяроўку й камень і пацягнуў сабаку да ракі.
Глядзіць на яго сабака разумнымі вачыма, быццам разумее, што думае гаспадар.
Сеў гаспадар з сабакам у човен, ад’ехаў ад берагу і стаў прывязваць камень сабаку да шыі. Пасля ўстаў і піхнуў нагой сабаку ў ваду.
Сабака нырнуў, але пры гэтым човен крэпка скалануўся, а селянін не ўтрымаўся і сам зваліўся ў ваду.
Захліснула яго хваля, зусім ужо пачаў тануць. Раптам чуе — нехта цягне яго. А гэта яго сабака. Камень адвязаўся, і ён кінуўся ратаваць гаспадара. Схапіў зубамі за кашулю, выплыў з ім да берагу й ледзь жывы расцягнуўся на беразе.
Заплакаў селянін, абняў сабаку, стала яму сорамна. Да самае смерці карміў і даглядаў ён вернага свайго прыяцеля.