Паравоз

Стаіць і гудзе паравоз на пуцях,

Важкі, вялізны, мазутай прапах,

Алей, як пот, на баках.

Стаіць і сапе,

Пырскае, чмыша,

Жарам пякельным

I параю дыша:

Бух — як горача!

Ух — як горача!

Пуф — як горача!

Уф — як горача!

 

Да паравоза

Вагоны падалі

Дужа цяжкія —

З жалеза і сталі.

Поўна народу

У кожным вагоне.

 

У першым, другім —

Каровы ды коні.

А ў трэцім, у спальным,

Точачы лясы,

П’юць пузачы

I ўмінаюць кілбасы.

 

Чацвёрты, таварны,

Поўны бананаў.

А ў пяты пагружаны

Шэсць фартэп’янаў.

У шостым вагоне

Цяжкая гармата:

Рэйкаю кожнае

Кола падцята.

 

У сёмым —

Дубовыя крэслы і шафы,

У восьмым — мядзведзь

I чатыры жырафы.

Дзевяты займаюць

Таўшчэзныя свінні.

Куфры ў дзесятым,

Кубёлкі і скрыні.

 

Вагонаў усіх

Да паўсотні, няйначай,

А што там у кожным —

Я не пабачыў.

Але, каб прыйшлі сюды

Сотні атлетаў,

I кожны з іх,

З’еўшы па сотні

катлетаў,

Як трэба, з апошняе сілы

Напяўся —

Цяжар гэты з месца б

Ніяк не падаўся!

Раптам — свісток!

Потым — гудок!

Пара — бух!

Колы — у рух!

 

Спачатку, —

Нібы чарапаха,

Памалу

Пайшоў паравоз,

Угінаючы шпалы,

Залязгалі буферы

Лязгам вясёлым,

I круціцца, круціцца

Кола за колам,

Высока, далёка

Дым чорны клубіцца.

Цягнік наш па рэйках

Стукоча, імчыцца.

Куды ён? Куды ён?

Куды ён? Наўпрост!

Па рэйках, па рэйках,

Па рэйках, праз мост,

Праз поле, тунелі,

Праз лес, праз гару

Спяшаецца:

Трэба прыйсці у пару!

Грукоча, стукоча

Аднолькавым тактам:

Так-та-та, так-та-та,

Так-та-та, так-та...

Гладка так, лёгка

Імчыцца удаль,

Быццам бы коціцца

Мячык — не сталь,

Быццам не волат

 

Агромністы, важкі —

Цацка дзіцячая

З лёгкае бляшкі.

А хто яго, хто яго

Ўдалеч панёс,

Адкуль гэту сілу

Узяў паравоз?

Хто гоніць, хто бухае

Моцна: бух-бух?

Гарачая пара

Дала яму рух!

Пара на поршні

З катла напірае,

Поршань на кола,

I кола мільгае!

I, гнаны магутнаю

Сілаю пары,

Імчыцца цягнік,

Рассякае абшары.

Па рэйках стукоча

Аднолькавым тактам:

Так-та-та, так-та-та,

Так-та-та, так-та!