У полі

Грышка, хлопчык невялічкі,

Ў поле выйшаў з дому.

Люба там каля крынічкі

Хлопчыку малому!

 

Ў гушчары кустоў зялёных

Многа розных пташак,

Кветак белых і чырвоных,

Мошачак, мурашак...

 

Сядзе хлопчык над крынічкай

I не зварухнецца,

Пазірае, як над дзічкай

Пташачка снуецца

 

I сваіх маленькіх дзетак

Корміць чарвячкамі.

Эх, як слаўна сярод кветак

Летнімі дзянькамі!..