Адлёт птушак
Яшчэ не паспела агаліцца зямля і не асыпалася лісце на дрэвах, а ўжо не чутно птушыных галасоў і самых птушак мала відаць. Яны пачынаюць пакідаць наш край і вылятаюць у цёплую старану.
Першыя падымаюць трывогу буслы. Незадоўга да адлёту збіраюцца яны ў кучы, ходзяць цэлы дзень чародамі па лузе, або стаяць па цэлых гадзінах, усё роўна як радзяцца паміж сабою, ці круцяцца высака ў небе. Праз некалькі дзён яны прападаюць, выбіраюцца ў вырай.
Нахмурылася неба, веюць халодныя вятры, ідзе дробны дожджык. Вясёлыя, вёрткія ластаўкі нізка лётаюць над зямлёю і ловяць мошак. Але час праходзіць, на дварэ халаднее, прападаюць мошкі; нечага есці ластавачкам. Вось і яны збіраюцца ў дарогу. Ранні адлёт іх азначае раннюю зіму.
Поле ўжо апусцела. Кончана работа сярпа, пачынаюць капаць бульбу. Далёка, дзесьці ў небе, плаўна нясецца крык жураўлёў. Падымаеш голаў угару, слухаеш і шукаеш чародку жураўлёў. Высака-высака лятуць яны, выраўняўшыся ключом, і пасылаюць на зямлю свой звонкі, працяжны і нудны крык. Глядзіш, як яны лятуць, і нейкі жаль агорае душу, усё роўна як праводзіш у далёкую старану дарагога чалавека. З якою радасцю сустракаеш птушак увясну, з такім жалем праваджаеш іх увосень, як лятуць яны ў вырай. І памалу ўсе птушкі, што прыляцелі к нам увясну, зноў пакінулі нас на ўсю зіму.
Куды ж адлятаюць нашыя птушкі і дзе яны праводзяць зіму?
А лятуць яны далёка, у тыя староны на поўдні, дзе зімы зусім не бывае. Многа бяды-гора прыходзіцца выцерпець нашым мілым птушкам у дарозе, пакуль залятуць яны ў далёкі цёплы край. Некаторым прыходзіцца пералятаць цераз моры і многа гіне іх ад буры і іншых напасцяў, як ад чалавека, так і ад драпежных птушак.
У выраі нашы птушкі гнёздаў не ўюць і песняў не пяюць. Віць гнёзды і выводзіць дзетак яны прылятаюць дадому, на сваю радзіму. А радзіма-бацькаўшчына іх тут, у нас. Пакінуўшы нас увосень, яны варочаюцца назад увясну.