Зімовы Дуб
Ідзе лесам Лістапад, лісце сыплецца, як град, сякуць дажджы касыя, шумяць вятрыскі злыя… Дрэвы нізка кланяюцца Лістападу, сцелюць да яго ног пажоўклае лісце. Адляцелі ў вырай птушкі, звяры пахаваліся ў зацішак, апусцелі палі.
Задаволены Лістапад: усё скарылася яму. Усміхнуўся, паслаў на зямлю бледны сонечны прамень, глянуў з-за шэрых хмар лапінкай блакіту. Але што гэта? Вунь на ўзлессі раскінуў вецце магутны Дуб, увесь у мядзянай лістоце.
— Чаму ты не скарыўся мне? — грозна спытаў Лістапад.
— Я Зімовы. Таму да вясны буду ў мядзяным убранні.
Угневаўся Лістапад.
— Гэй, вятры буйныя! — паклікаў ён сваіх памочнікаў. — Сарвіце з Дуба яго мядзяны ўбор!
Завылі вятры, зашумелі галіны Дуба.
— Гэй, дажджы халодныя! — гукнуў Лістапад. — Пазбівайце з Дуба лісце.
Секанулі дажджы, забарабанілі па буйным лісці, але Дуб не зварухнуўся.
— Гэй, браце Снежань, — загукаў Лістапад. — Прышлі мне марозу пякучага, завеяў сыпучых, няхай замарозяць, засыплюць снегам непакорнага!
Прымчалі маразы, прыляцелі завеі, марозілі, снегам секлі, але не скарыўся Дуб.
Спахмурнеў Лістапад і адступіўся ад цара лесу… Усю зіму стаіць Дуб у сваім мядзяным адзенні. Толькі вясною ненадоўга скідае яго, каб пераапрануцца ў новае, зялёнае. За гэта называюць яго Зімовым Дубам.