Пра быка і яго сяброў
Пасвіўся на лузе бык. Убачыў ён каля рэчкі туман і напужаўся: падумаў, што зямля і вада гараць.
«Пабягу я лепш адгэтуль на край свету!»— парашыў бык. Задраў хвост і пабег. Сустрэўся яму на дарозе казёл:
— Бык, куды бяжыш?
— На край свету.
— Чаго?
— У нас зямля і вада гараць. Баюся, каб і мне не згарэць.
— Пабягу і я з табою.
— Бяжы.
Бягуць яны, а насустрач ім парсюк:
— Куды бежыце?
— На край свету: у нас зямля і вада гараць! Баімся, каб і нам не згарэць.
— I я з вамі пабягу.
— Бяжы.
Бягуць яны ўтрох. Сустракае іх гусак.
— Куды бежыце?
— На край свету: у нас зямля і вада гараць!
Баімся, каб і нам не згарэць.
— I я з вамі пабягу.
— Бяжы.
Бягуць яны ўчатырох. Сустракае іх певень.
— Куды бежыце?
— На край свету: у нас зямля і вада гараць…
— I я з вамі пабягу.
— Бяжы.
Беглі, беглі, прыбеглі ў лес. А тут і зіма надыходзіць. Бык кажа:
—Ну, досыць бегчы: зімою зямля не загарыцца.
Давайце будзем хату рабіць ды запасы на зіму рыхтаваць.
Парсюк кажа:
— Мне хата не трэба: я выкапаю сабе яму, нанашу туды моху на падсцілку, жалудоў на харч ды буду зімаваць. Мне і так цёпла будзе!
Казёл кажа:
— А я карою пракармлюся, у дупле пагрэюся.
— А ты, гусак? — пытаецца бык.
— У мяне пер’е цёплае, я дзюбу ў яго схаваю ды
так і перазімую.
— А ты, певень?
— А мне што, я і пад ялінкаю перазімую.
Што рабіць? Узяўся бык адзін хату будаваць. Нанасіў бярвення, моху, збудаваў цёплую хату і жыве сабе ў ёй без бяды.
Насталі лютыя маразы. Парсюк круціўся, круціўся ў яме, не вытрымаў ды пайшоў да быка:
— Пусці, бык, у хату: сцюдзёна вельмі.
— Не, — кажа бык, — не пушчу: ты ў мох закапаешся, табе і так цёпла будзе!
— Калі не пусціш, — кажа парсюк, — дык я падкапаю лычом падрубу — твая хата абернецца, ды яшчэ і цябе самога задушыць.
Напужаўся бык: хочаш не хочаш, трэба пускаць парсюка ў хату…
— Ну, добра, — кажа, — ідзі: удвух весялей будзе.
На другі дзень прыходзіць казёл:
— Пусці, бык, у хату.
— Навошта табе хата? Ты ў дупле перазімуеш!
— Ну, калі не пусціш, дык я разганюся, стукну рагамі ў сцяну і праб’ю дзірку: мароз залезе ў хату, табе холадна будзе.
Што рабіць — пусціў казла.
— Добра, — кажа, — хата ў мяне не малая: хопіць і траім месца.
На трэці дзень прыходзіць гусак:
— Бык, бык, пусці ў хату пагрэцца!
— Не пушчу!
— Чаму?
— У цябе пер’е цёплае, ты ў яго дзюбу схаваеш ды так і перазімуеш.
— Ну, калі не пусціш, дык я дзюбаю ўсю страху расцягаю, табе холадна будзе.
Спужаўся бык — пусціў і гусака.
На чацвёрты дзень прыходзіць певень:
— Пусці, бык, у хату!
— А хіба табе пад ялінкаю не цёпла? — засмяяўся бык. — Не пушчу! У мяне ўжо і так цесна.
— А калі не пусціш, дык я ўзлячу на гару і ўвесь пясок са столі зграбу: дух з хаты праз столь выйдзе, ты замерзнеш.
Спужаўся бык — пусціў і пеўня. Жывуць яны ў хаце ўпяцёх. Ідзе мядзведзь. Убачыў хату.
— Хто тут жыве? — пытаецца.
— Бык, казёл, парсюк, гусак і певень, — адказваюць з хаты.
— Пусціце і мяне пагрэцца.
— Не, не пусцім. Ты нам не кампанія.
Мядзведзь стукнуў лапаю ў дзверы, праламаў іх і ўвайшоў у хату. Тут бык выставіў рогі ды прыпёр мядзведзя да сцяны. А казёл давай яму рагамі ў бок лупіць, а парсюк зубамі за жывот ірваць, а гусак у нос дзяўбці… А певень узляцеў на лаву ды давай крычаць: «Кудах-кудах! Куды-куды!» Ледзьве жывым выскачыў з хаты няпрошаны госць — мядзведзь. Ідзе ён кульгаючы па лесе, сустракае ваўка.
— Дзе быў, сусед? — пытаецца ў яго воўк. — Чаму ты такі хмуры?
— Ой, — кажа мядзведзь не сваім голасам, — трапіў я да страшэнных разбойнікаў. Адзін мяне віламі да сцяны прыціснуў — не павярнуцца. Другі ражнамі ў бок таўчэ. Трэці абцугамі кішкі выцягвае. Чацвёрты прутком у нос коле. А пяты, у чырвонай шапачцы, ззаду шабля крывая, на нагах шпоры, бегае па лаве ды ўсё крычыць: «Падай, падай яго сюды!» Добра, што я ўцёк, бо не ведаю, што б гэты разбойнік зрабіў са мною…
З таго часу больш ні мядзведзь, ні воўк у тую хату зазіралі.