Жаронцы

Жылі дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі не было — толькі пеўнік і жаронцы.

Дзіўныя гэта былі жаронцы: паложыць у іх дзед зярнятка, пакруціць раз-другі, і цэлая кадушка мукі намелецца.

Добра жылі дзед з бабай самі і пеўніка не крыўдзілі. Дачуўся пра дзіўныя жаронцы пан. Парашыў ён украсці іх. Прыехаў адвячоркам да дзеда і просіцца пераначаваць. «На паляванні, — кажа, — быў: далёка дадому ехаць, а тут ноч надыходзіць».

— Начуй сабе, — кажа дзед, — месца хопіць.

Уночы, як дзед і баба заснулі, пан украў жаронцы ды паехаў. Моцна затужылі дзед з бабай па жаронцах. Сядзяць яны галодныя ды плачуць.

Пеўнік слухаў, слухаў іх, а потым і кажа:

— Не плачце, я вярну вам жаронцы!

— Дзе табе вярнуць іх! — кажуць дзед і баба. — Пан цябе і на парог не пусціць.

— Нічога, — падхрабрыўся пеўнік, — вярну. Хоць сам загіну, а жаронцы вярну.

Развітаўся ён з дзедам і бабай ды паляцеў у панскі двор. Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму каршун.

— Куды, певень, ляціш? — пытаецца.

— У двор да пана.

— Чаго?

— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я лячу іх сыскаць.

— Вазьмі і мяне з сабою.

— Лезь у валляк!

Каршун улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць шырокаю, а насустрач яму лісіца:

— Куды, певень, ляціш?

— У двор да пана.

— Чаго?

— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу іх сыскаць.

— Вазьмі і мяне з сабою.

— Лезь у валляк.

Лісіца ўлезла пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць шырокаю, а насустрач яму барсук:

— Куды, певень, ляціш?

— У двор да пана.

— Чаго?

— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу іх сыскаць.

— Вазьмі і мяне з сабою.

— Лезь у валляк.

Барсук улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць шырокаю, а насустрач яму воўк:

— Куды, певень, ляціш?

— У двор да пана.

— Чаго?

— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу іх сыскаць.

— Вазьмі і мяне з сабою.

— Лезь у валляк!

Ляцеў, ляцеў пеўнік і прыляцеў у двор да пана. А ў пана ў гэты час былі госці — пілі, гулялі. Вокны і дзверы насцеж парасчынялі.

Узляцеў пеўнік на падваконне, залопаў крыламі ды заспяваў на ўвесь голас:

— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я прыляцеў жаронцы сыскаць. Аддавай, пан, жаронцы.

Пану стала брыдка перад гасцямі, што пеўнік яго злодзеем абзывае. Вось ён і кажа:

— Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, укіньце ў куратнік: няхай яго куры задзяўбуць!

Схапілі слугі пеўніка, укінулі ў куратнік, а самі пайшлі. Тут пеўнік і кажа:

— Каршун, каршун, вылазь з валляка, падушы курэй.

Выскачыў каршун з валляка, перадушыў усіх курэй ды паляцеў у лес. Пеўнік зноў прыляцеў на падваконне:

— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў…

— Ах, — кажа пан, — дык яго куры не задзяўблі? Добра ж! Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, занясіце ў гусятнік, няхай яго гусі зашчыплюць!

Схапілі слугі пеўніка і ўкінулі ў гусятнік. Пеўнік ачухаўся ды кажа:

— Лісічка, лісічка, вылазь з валляка, падушы гусей.

Лісіца так і зрабіла, а сама ў лес пабегла. Паляцеў пеўнік на падваконне ды зноў сваё спявае:

— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!..

— Ах, — кажа пан, — дык яго і гусі не зашчыпалі? Добра ж! Слугі, слугі, нясіце яго ў свінарнік: няхай яго свінні загрызуць.

Занеслі слугі пеўніка ў свінарнік. А там пеўнік кажа:

— Барсук, барсук, вылазь з валляка, пагрызі свіней.

Барсук так і зрабіў, а сам пабег у лес. Прыляцеў пеўнік на падваконне. «Ку-ка-рэ-ку!..»

— Ах, — кажа пан, пачуўшы пеўнікаў голас, — дык яго і свінні не загрызлі?.. Слугі, слугі, укіньце яго ў стайню: няхай яго коні затопчуць.

У стайні пеўнік кажа:

— Воўк, воўк, вылазь з валляка, парэж коней.

Воўк выскачыў, парэзаў усіх коней і ходу ў лес.

Прыляцеў пеўнік на падваконне:

— Ку-ка-рэ-ку!..

Пан аж за галаву хапіўся: што ж рабіць? Потым кажа:

— Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, занясіце кухару, няхай ён яго засмажыць.

Слугі так і зрабілі. Кухар засмажыў пеўніка і прынёс на талерцы пану. Пан схапіў яго ды і праглынуў са злосці ўсяго адразу. А пеўнік ажыў у панскім жываце, вытыркнуў дзюбу праз правае вуха ды заспяваў:

— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!..

Пан закрычаў:

— Слугі, слугі, хапайце сякеры, сячыце гэтага нягодніка!

Схапілі слугі сякеры, як секанулі, дык і адсеклі пану правае вуха… А пеўнік пералез у левае вуха ды зноў заспяваў.

— Слугі, слугі, — крычыць пан, — сячыце яго!

Секанулі слугі, ды не па пеўніку, і адсеклі пану левае вуха. Застаўся пан без вушэй. Тады пеўнік высунуўся праз рот.

— Слугі, слугі, — крычыць пан, разявіўшы рот, — сячыце, сячыце яго!

Секанулі слугі, ды не па пеўніку, а па языку, — адсеклі пану язык.

А пеўнік выскачыў, паляцеў на падваконне, сеў і спявае. Бачыць пан — няма рады: усю яго жывёлу пеўнік перадушыў, ды і самога скалечыў. Вынес ён жаронцы з пакояў і аддаў іх пеўніку.

Пеўнік схапіў адзін камень пад адно крыло, другі — пад другое і паляцеў дахаты.

Зарадаваліся дзед з бабай жаронцам, пачалі ў іх муку малоць. З мукі хлеб пякуць, самі ядуць і пеўніку даюць.