Лёгкі хлеб
Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў і пачаў есці.
Выходзіць з лесу галодны воўк. Бачыць — касец пад кустом сядзіць і нешта есць.
Падышоў да яго воўк:
— Ты што ясі, чалавеча?
— Хлеб, — адказвае касец.
— А смачны ён?
— Дзіва што смачны!
— Дай мне пакаштаваць.
— Калі ласка!
Адламаў касец кавалак хлеба і даў ваўку. Спадабаўся ваўку хлеб. Ён і кажа:
— Хацеў бы я кожны дзень хлеб есці, але дзе мне яго даставаць? Парай, чалавеча!
— Добра, — кажа касец, — навучу цябе, дзе і як хлеб даставаць!
I пачаў ён вучыць ваўка:
— Перш-наперш трэба зямлю ўзараць…
— Тады і хлеб будзе?
— Не, браце, пачакай. Потым трэба забаранаваць…
— I можна хлеб есці? — замахаў воўк хвастом.
— Што ты, пачакай яшчэ. Раней трэба жыта пасеяць…
— Тады будзе хлеб? — аблізнуўся воўк.
— Не яшчэ. Дачакайся, пакуль жыта ўзыдзе, халодную зіму перазімуе, вясной вырасце, потым закрасуе, потым пачне наліваць зярняты, потым спець…
— Ох, — уздыхнуў воўк, — вельмі ж доўга чакаць. Але цяпер то ўжо я наемся хлеба ўволю!
— Дзе там наясіся! — перапыняе касец. — Рана яшчэ. Спачатку спелае жыта трэба зжаць, потым у снапы звязаць, снапы ў бабкі паставіць. Вецер іх правее, сонейка прасушыць, тады вязі іх на ток…
— I есці хлеб буду?
— Які нецярплівы! Спачатку трэба снапы абмалаціць, зярняты ў мяшкі сабраць, мяшкі ў млын завезці ды мукі намалоць…
— I ўсё?
— Не, не ўсё. Муку трэба замясіць у дзяжы і чакаць, пакуль цеста падыдзе. Тады ў гарачую печ пасадзіць.
— I спячэцца хлеб?
— Але, спячэцца хлеб. Вось тады і наясіся яго, скончыў касец навуку.
Задумаўся воўк, потым пачухаў лапай патыліцу і кажа:
— Не! Гэтая работа занадта марудная і цяжкая. Лепш парай мне, чалавеча, як лягчэй ежу здабываць.
— Ну што ж, — кажа касец, — калі не хочаш цяжкі хлеб есці, параю табе лёгкі. Ідзі на выган, там конь пасецца.
Пайшоў воўк на выган. Убачыў каня:
— Конь, конь! Я цябе з’ем.
— Што ж, — кажа конь, — еш. Толькі спачатку здымі з маіх ног падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх.
— I то праўда, — згадзіўся воўк.
Нагнуўся ён падковы здымаць, а конь як стукне яму капытом у зубы…
Перакуліўся воўк ды ходу.
Прыбег да рэчкі. Бачыць — на беразе гусі пасуцца. «Ці не з’есці мне іх?» — думае. Потым і кажа:
— Гусі, гусі! Я вас з’ем.
— Што ж, — адказваюць гусі, — еш. Але спачатку зрабі нам адну паслугу перад смерцю.
— Якую? — пытаецца воўк.
— Паспявай нам, а мы паслухаем.
— Гэта можна. Спяваць я мастак.
Сеў воўк на купіну, задраў галаву і давай выць. А гусі крыламі — мах, мах! Узняліся і паляцелі.
Злез воўк з купіны, правёў гусей вачамі і пайшоў далей ні з чым.
Ідзе ды лае сябе апошнімі словамі: «Ці ж не дурань я, га? Навошта я згадзіўся спяваць гусям? Ну, цяпер, каго ні сустрэну, — з’ем!»
Толькі ён так падумаў, бачыць — на полі чарада авечак пасецца, а пастух спіць. Наглядзеў воўк у чарадзе самага большага барана, схапіў яго і кажа:
— Баран, баран, я цябе з’ем.
— Што ж, — кажа баран, — такая мая доля. Але каб не мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косці, стань лепш вунь у той лагчынцы і разяў рот, а я ўзбягу на ўзгорак, разганюся і сам ускочу табе ў рот.
— Дзякуй за параду, — сказаў воўк. — Так і зробім.
Стаў ён у лагчынцы, разявіў рот і чакае. А баран узбег на горку, разагнаўся ды — трах! — рагамі ваўка ў галаву. Аж іскры пасыпаліся з вачэй у ваўка, свету ён не ўбачыў.
Ачухаўся воўк, пакруціў галавою і разважае:
— Цікава: з’еў я яго ці не?
А тым часам касец скончыў работу і ідзе дахаты. Пачуў ён ваўковы словы і кажа:
— З’есці не з’еў, але паспытаў лёгкага хлеба.