Лісіца-хітрыца

Жылі дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі не было, толькі адна курачка Чубатка.

Жылі яны, жылі, дажыліся — няма чаго варыць. Вось дзед і кажа бабе:

— Баба, а баба, звары хіба Чубатку, ці што?

Баба замахала рукамі:

— Што ты, дзед, надумаўся? Лепш мы галодныя будзем, а Чубаткі я не дам варыць.

Пачула гэта курачка, пабегла на двор, знайшла там бабовае зернетка і прынесла бабе. Дзед кажа:

— Вось і добра. Звары ты, баба, хоць гэтую бобінку.

Паглядзела старая на бобінку:

— Дзеду мой, дзеду, што за наедак з аднае бобінкі? Я для яе і гаршка не падбяру. Давай лепш пасадзім яе. Як вырасце, тады спячом цэлы бабовы пірог.

— Дзе ж мы яе пасадзім? — пытаецца дзед.

— На полі.

— На полі яе варона выдзеўбе…

— Дык на двары.

— На двары яе курыца выграбе…

— Тады давай пасадзім хіба ў хаце пад палаткамі*.

(* Палаткі — даўней у хаце насціл з дошак спаць.)

— Добра, — згадзіўся дзед і пасадзіў бобінку ў хаце пад палаткамі.

Узышла бобінка ды давай расці. Расла, расла, уперлася ў палаткі.

— Што, баба, рабіць будзем? — пытаецца дзед.

— Трэба палаткі разбіраць.

Дзед разабраў палаткі, а бобінка як расці ды расці — дарасла да столі.

— Што, баба, рабіць будзем? — зноў пытаецца дзед.

— Трэба столь разбіраць.

Дзед і столь разабраў, а бобінка як расці ды расці — дарасла да страхі. Дзед і страху разабраў.

Выглянула бобінка на свет і давай расці яшчэ весялей. Дарасла аж да неба.

Узяў тады дзед торбу, палез па сцябле да неба, абабраў спелыя струкі і вярнуўся назад. Зарадавалася баба: цэлую торбу бабовых струкоў прынёс дзед.

— Ну, цяпер-то мы ўжо наямося пірага.

Палузала баба струкі, высушыла боб на печы, змалола і рашчыніла ў дзяжы цеста на пірог. Цеста як расці ды расці — з дзяжы вон лезе. Палажыла яго баба на лапату, загладзіла пірагом, размалявала рознымі ўзорамі, каб прыгожы быў, ды ў печ. А пірог як расці ды расці — з печы на прыпечак палез. Адсланіла баба засланку, а ён — скок на хату, з хаты за парог — і ўцёк…

Кінуліся дзед з бабай даганяць пірог. Ды дзе там! Так і не дагналі.

Прыкаціўся пірог у лес. А тут насустрач яму рыжая лісіца-хітрыца. Схапіла яна пірог, выела мякіш, усярэдзіну шышак насыпала ды пабегла з пірагом да пастушкоў. Знайшла пастушкоў у полі і кажа:

— Пастушкі, пастушкі, дайце мне бычка-трацячка, а я вам дам за гэта пірог.

Бачаць пастушкі — добры пірог у лісіцы, жоўценькая скарынка аж блішчыць, так і хочацца яго паспытаць. Згадзіліся яны на мену і аддалі лісіцы бычка-трацячка.

— Толькі ж, глядзіце, не ешце пірага, пакуль я не заеду за горку, — кажа лісіца.

Села яна на бычка вярхом і паехала. Як толькі схавалася за горкаю, пастушкі і кажуць: «Сядзем на пясочку, з’ямо па кусочку!» Разламалі пірог, а там — адны шышкі яловыя… Падманула іх хітрая лісіца!

Едзе лісіца на бычку, бачыць — на дарозе пустая павозка стаіць, а недалёка чалавек арэ. Падкралася яна цішком да павозкі, запрэгла ў яе бычка-трацячка, села на мяккай саломе і едзе сабе далей, пугай бычка паганяе.

Прыехала ў лес. Насустрач ёй воўк ідзе. Збегаўся, змарыўся, ледзьве ногі валачэ.

— Куды, кума, едзеш? — пытаецца.

— За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства.

— Чаго?

— Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць…

— А бараны ў тым царстве ёсцека? — аблізнуўся

воўк.

— Ды іх там хоць гаць гаці!

— А лісічка, а сястрычка, вазьмі і мяне з сабою.

Падвязі хоць мой хвост.

— Што адзін хвост везці, садзіся ўвесь ты.

Сеў воўк. Едуць далей. Сустракаюць мядзведзя.

— Куды, куды едзеце?

— За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства…

— Чаго?

— Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць, — адказвае лісіца.

— Там, кажуць, бараноў хоць гаць гаці, — падтаквае ёй воўк.

— А мёду там многа?

— Ды там, кажуць, мядовыя рэкі цякуць!

Мядзведзь зарадаваўся:

— То вазьміце і мяне. Хоць адну лапу падвязіце.

— Што адну лапу везці, садзіся ўвесь ты.

Уселіся ўтраіх, едуць далей. Аж раптам зламалася аглобля.

Лісіца кажа мядзведзю:

— Схадзі, куме, прынясі аглоблю.

Пайшоў мядзведзь у гушчар, знайшоў вывернутую елку і прывалок да воза. Убачыла лісіца, крыку нарабіла:

— Ах ты, мядзведзішча, ах ты, дурнішча, ці ж гэта лясіна для аглоблі!

I да ваўка:

— Схадзі, куме, прынясі тонкую аглоблю.

Пайшоў воўк і прынёс крывы яловы сук. Лісіца і на яго накрычала, плюнула ды пайшла сама па аглоблю.

Тым часам мядзведзь з ваўком з’елі бычка-трацячка, шкуру саломай напхалі, на ногі паставілі ды пайшлі сабе пасміхаючыся. Вярнулася лісіца, бачыць — ні ваўка, ні мядзведзя, толькі бычок стаіць. Прыладзіла яна аглоблю, села ў павозку, махнула пугаю на бычка, а той — брык — і паваліўся. Паглядзела лісіца на бычка і аб усім здагадалася.

— Пачакайце ж вы ў мяне! Я вам гэтага не дарую! — пагразіла яна ваўку і мядзведзю ды пайшла сваёю дарогаю.

Шмат часу ішла, а ў дарозе ўжо і восень яе застала. Сустракае ваўка, таго, што з’еў бычка.

— Добры дзень, кум! Як маешся?

— Дрэнна, — кажа воўк. — Нешта азяб на дажджы, аж увесь калачуся. Зуб на зуб не трапляе.

— То трэба новы кажух пашыць, — раіць лісіца.

— Праўду, кумка, кажаш, — згадзіўся воўк.

Пабег ён на выган, схапіў авечку і прывалок у лес.

— Хопіць на кажух? — пытаецца ў лісіцы.

— Мала, — кажа лісіца.

Прынёс воўк яшчэ адну авечку:

— Цяпер хопіць?

— Не, яшчэ адну трэба.

Воўк і трэцюю прывалок.

— Ну, а цяпер, — кажа лісіца, — трэба краўца шукаць.

— Дзе ж мне яго шукаць, кумка?

— Я ведаю добрага краўца. Хадзем да яго.

Прывяла лісіца ваўка на луг. Там, у кустах, на прывязі жарабец пасвіўся.

— Вунь ён, кравец!

Воўк зарагатаў:

— Гэта не кравец, а жарабец! Не, кумка, як сабе хочаш, а розуму ў цябе мала.

Лісіца пакрыўдзілася:

— Ты пра мой розум не вельмі языком мялі. Я была разумнай і буду, а ты быў дурань, дурнем і застанешся.

Тут ужо і воўк пакрыўдзіўся, аж узлаваўся:

— Паглядзім яшчэ, хто з нас разумнейшы!

— Не хваліся загадзя, — кажа лісіца, — лепш паглядзі, як зараз з цябе шкуру знімуць.

— Хто зніме? — ляснуў зубамі воўк.

— Гаспадар гэтага каня.

— Не можа быць! — не верыць воўк.

— Пабачыш. На чым жарабец навязаны? — пытаецца лісіца.

— На вяроўцы.

Лісіца засмяялася:

— Вось і відаць, што дурань!

— Чаму? — падскочыў воўк.

— Жарабец на калку навязаны.

— Не можа быць! — залыпаў воўк вачамі.

— Хадзем пакажу.

Прывяла лісіца яго да калка, за які быў прывязаны канец вяроўкі, зняла вяроўку, зрабіла пятлю і закінула ваўку на шыю. Воўк і азірнуцца не паспеў, як у пятлі апынуўся. Тады лісіца падбегла да жарабца, замахала хвастом. Той спужаўся ды як драпануў дахаты, толькі падковы заблішчалі. Так і прыцягнуў у пятлі ваўка да свайго гаспадара. Ну, а там з яго і шкуру знялі.

Вярнулася лісіца ў лес, закапала авечак у мох на запас, адны толькі мазгі на абед пакінула. Села пад елкаю і есць.

Ідзе мядзведзь, той, што бычка з’еў.

— Што гэта ты, кума, жуеш? — пытаецца.

— Мазгі. Сляпы ты, ці што?

— А дзе ж ты іх дастала?

— 3 галавы. I ты можаш дастаць, калі хочаш.

— Як?

— Вельмі проста: разганіся ды стукніся галавою

аб дуб — мазгі і выскачаць.

— Дзякую ж табе, кума, за добрую параду. Так я і зраблю. А то есці даўно хочацца.

Знайшоў ён самы тоўсты дуб, разагнаўся з усяе сілы ды і грымнуўся ў яго лбом. Тут яму і канец.