Жук і слімак
Пагодным летнім ранкам
На лузе за сялом
Сустрэўся жук аднойчы
З рагатым слімаком.
Здарова! — жук вітае. —
Куды, браток, ідзеш?
I з ракавіны хатку
Нашто з сабой нясеш?
Абцёр слімак пот з твару,
Гаворыць так жуку:
— Нямала перажыць мне
Прыйшлося на вяку.
То сцюжа, то марозы,
То навальніца, дождж,
То часам у дарозе
Захопіць змрок і ноч.
Шукай тады начлегу
Пад нейкім пад кустом…
Вядуць размову гэтак
I раптам чуюць — гром.
Ударыў дождж краплісты.
I жук пабег шукаць
У засені цяністай
Шырокага лістка.
Але на цэлым лузе
Няма страхі нідзе,
I мокры, ледзь жывы ён
Да слімака ідзе.
— Пусці, браток, пагрэцца.
Змок дужа на лугу,
Насіць за гэта хатку
Табе дапамагу.
У ракавіне шчыльнай
Вандроўнікі сядзяць.
Іх нават дождж краплісты
Не зможа ў ёй дастаць.
Але мінулі хмары,
I сонца ўстала зноў.
Жук хатку слімакову
Пакінуў і пайшоў.
Забыўся пра нягоды,
I не наўме жуку,
Што абяцаў паднесці
Ён хату слімаку.