Хлеб

Аднойчы на кірмаш здалёк

Вандроўнік плёўся ў горад

I наракаў на свой мяшок,

Набіты лустай спорай.

Аж Хлеб не вытрымаў і так

Азваўся: — Што бядуеш?

Зусім не ты мяне, дзівак,

Але цябе нясу я.

— Ну што ж, пабачым, хто — каго! —

Той запярэчыў строга

I з цяжкага мяшка свайго

Хлеб вытрас на дарогу.

I сам пашкандыбаў далей.

Нішто не муліць плечы.

Дзень прамінуў. Ужо ў імгле

Стаў набліжацца вечар.

Настаў і час перакусіць.

Успомніў Хлеб Вандроўнік,

Што недзе, кінуты, ляжыць,

Духмяны і цудоўны!

Прылёг на нейкім дзірване,

Каб адпачыць хоць трошкі.

Але галоднаму і ў сне,

Знаць, сняцца хлеба крошкі.

Цяпер і сам сабе не рад.

Не спіцца, не ляжыцца.

Ці не вярнуцца лепш назад

Ды з другам памірыцца?

Устаў Вандроўнік і брыдзе —

Ідзе пад зорным небам

На месца памятнае, дзе

Ён пасварыўся з Хлебам.

О, як ён рад быў зноў, калі

Сваю пабачыў страту!

I Хлебу нізкі, да зямлі,

Аддаў паклон, як брату.