Саўка за сталом

Ляжаць ля талеркі

відэлец і нож.

Дзве чыстыя лыжкі ляжаць.

— Ну і што ж?

Ляжаць — хай ляжаць,

іх не буду чапаць.

Яны ж не чапаюць мяне і маўчаць.

З талеркі ён сёрбае крупнік — ой-ой!

Кавалачак мяса хапае рукой.

Ён пальцамі ловіць у шклянцы кампот,

Абрусам ён выцер і шчокі і рот.

Відэлец не ўцерпеў:

— За цэлы мой век

Мне трапіўся першы такі чалавек!

Ускочыла лыжка

I ну рагатаць:

— Хі-хі, ха-ха-ха,

Ён дурненькі, відаць!

Саскочылі разам яны са стала —

Ніякая сіла спыніць не магла.

Відэлец, і лыжка, і нож — ля дзвярэй.

Збянтэжыўся Саўка:

— Чакайце, э-гей!

Усе уцякаюць, вяртацца не хочуць.

— Хі-хі, ха-ха-ха! —

толькі лыжкі рагочуць.