Жывы капялюш
Капялюш ляжаў на шафе, коцік Базыль сядзеў на падлозе ля шафы, а Уладзя і Вадзік сядзелі за сталом і расфарбоўвалі малюнкі. Раптам ззаду нешта пляснулася — упала на падлогу. Яны азірнуліся і ўбачылі на падлозе ля шафы капялюш.
Уладзя падышоў да шафы, нахіліўся, хацеў падняць капялюш — і раптам як закрычыць:
— Ай-яй! — і бягом убок.
— Чаго ты? — пытае Вадзік.
— Ён жы-жы-жывы!
— Хто жывы?
— Ка-ка-капялюш.
— Што ты, хіба ж капелюшы бываюць жывыя?
— Паглядзі сам!
Вадзік падышоў бліжэй і стаў глядзець на капялюш. Раптам капялюш папоўз проста на яго. Вадзік як закрычыць:
— Ай! — і скок на канапу.
Уладзя за ім.
Капялюш вылез на сярэдзіну пакоя і спыніўся. Хлопцы глядзяць на яго і трасуцца ад жаху. Тут капялюш павярнуўся і папоўз да канапы.
— Ай! Вой! — закрычалі дзеці. Саскочылі з канапы і бягом з пакоя. Прыбеглі на кухню і дзверы за сабой зачынілі.
— Я п-п-п-пайду! — кажа Уладзя.
— Куды?
— Пайду да сябе дадому.
— Чаму?
— Капелюша баюся. Я ўпершыню бачу, каб капялюш па пакоі хадзіў.
— А можа, яго хто-небудзь за вяровачку цягае?
— Дык схадзі паглядзі.
— Хадзем разам. Я вазьму клюшку. Калі ён да нас палезе, я яго клюшкай трэсну.
— Чакай, я таксама клюшку вазьму.
— Але ж у нас другой клюшкі няма.
— Тады я вазьму лыжны кіёк.
Яны ўзялі клюшку і лыжны кіёк, прачынілі дзверы і зазірнулі ў пакой.
— Дзе ж ён? — пытае Вадзік.
— Вунь там, ля стала.
— Зараз як трэсну яго клюшкай! — кажа Вадзік. — Хай толькі палезе бліжэй, валацуга такі.
Але капялюш ляжаў каля стала і не рухаўся.
— Ага, спалохаўся! — узрадаваліся хлопцы. — Баіцца лезці да нас.
— Зараз я спужаю яго, — сказаў Вадзік.
Ён пачаў грукаць па падлозе клюшкай і крычаць:
— Гэй, ты, капялюш!
Але капялюш не рухаўся.
— Давай набяром бульбы і будзем у яго бульбай страляць, — прапанаваў Уладзя.
Яны вярнуліся на кухню, набралі з кошыка бульбы і пачалі ёю шпурляць у капялюш. Шпурлялі, шпурлялі, урэшце Вадзік пацэліў. Капялюш як падскочыць угару!
— Мяў! — закрычала нешта.
Бач, з-пад капелюша высунуўся шэры хвост, потым лапа, а потым і сам коцік выскачыў.
— Базылёк! — усцешыліся дзеці.
— Пэўна, ён сядзеў на падлозе, а капялюш на яго з шафы ўпаў, — здагадаўся Уладзя.
Вадзік ухапіў Базылька і давай яго абдымаць.
— Базылёк, міленькі, як жа ты пад капялюш трапіў?
Але Базылёк нічога не адказваў. Ён толькі фыркаў ды жмурыўся ад святла.