Дзеці
Розныя дзеці
Жывуць на планеце —
Белыя, жоўтыя,
Чорныя дзеці.
Розныя дзеці —
Аднолькавы смех.
Смех у хвіліны
Забаў і пацех.
Розныя дзеці —
I розныя вочы.
Вочы — як неба.
Вочы — як ночы.
Вочы, што мора
Ўвабралі глыбіні,
Вочы — пад колер
Бязводнай пустыні.
Розныя вочы —
Адзіныя слёзы.
Слёзы — ў хвіліны
Бяды ці пагрозы.
Вось бы зрабіць,
Каб у розных дзяцей
Радасць гасціла
Даўжэй ды часцей!
Вось бы зрабіць,
Каб на нашай планеце
Гора не ведалі
Розныя дзеці!