Страшная казка
Наталька і Стасік доўга не засыналі. А бабцы хацелася, каб яны спалі. Бабка збіралася ў госці. Яна абяцала, што прынясе пірага. Смачнага, салодкага. Нават кот, які сядзеў на пасцелі, і той не вытрываў і аблізнуўся.
— Раскажы нам казку, — папрасіў Стасік, — а тады ідзі сабе.
Бабка расказала казку. Страшную, пра ваўка. Стасік прыцішыўся. А Наталька пачала плакаць:
— Баба, не ідзі. Мне страшна.
— Добра, я не пайду. Спіце, дзеткі. Я каля вас буду сядзець.
Як толькі дзеці пазасыналі, бабка надзела новую кофту, завязала белую хустку і нават у люстэрка паглядзелася. Толькі яна там нічога не ўбачыла, бо было ўжо цёмна. А запальваць святло яна пабаялася, каб не пабудзіць дзяцей.
«А калі і праўда папрачынаюцца, а мяне не будзе, — падумала бабка, — яны ж з плачу пазаходзяцца».
Але бабцы вельмі хацелася пайсці ў госці. I тады яна надумалася зрабіць другую бабу. Узяла дзве падушкі, надзела на іх старую сукенку, а малую падушачку абвязала хустачкай і паклала зверху — атрымалася галава ў хустцы…
Стасіку ўночы захацелася піць. I ён праз сон папрасіў:
— Малачка…
Ніхто не абазваўся. Тады Стасіку яшчэ мацней захацелася малачка, і ён прачнуўся. Баба сядзела на сваім месцы.
— Баба! — гукнуў Стась.
Але бабуля нават не варухнулася. Тады Стасік падсунуўся бліжэй і хацеў яе пабудзіць. Толькі крануў за плечы, а яна ўзяла і з’ехала з ложка далоў — яна была зроблена з падушак!
Стасік спалохаўся і пабудзіў Натальку. Але тут яны ўбачылі нешта яшчэ больш страшнае. З цемры на іх глядзелі вялікія блішчастыя вочы. Якраз як у таго звера, пра якога бабка расказвала казку.
— Воўк! — крыкнула Наталька.
— М-м-я-ў! — азваўся воўк.
Дзеці пазналі ката Кузьму. А той пачаў лашчыцца да іх, залез пад коўдру і заспяваў ціхую знаёмую песню.
Цяпер Стасіку і Натальцы было не страшна. Хутка яны заснулі зноў.
Прачнуліся толькі раніцай і зусім не пакрыўдзіліся на бабулю, бо яна-такі стрымала сваё слова. Дала кожнаму па вялікім кавалку салодкага пірага. А коціку не здагадалася даць. Тады Стасік сказаў:
— Баба, дай коціку. Ён пільнаваў нас. З ім нам ніякі воўк не страшны.
Бабка дала пірага і коціку.