Няма прыгажэй
Высозныя сосны
адвечнага бору —
пад самае сонца,
пад самыя зоры.
Зубры
ў гушчары
пратапталі сцяжыны
туды,
дзе ніводнай
няма каляіны.
Маліны
даспелыя
просяцца ў жмені,
грыбы — у кашы,
бы ў загоне алені.
Вітаюць нас
птушкі і дрэвы гасцінна…
Ну дзе яшчэ знойдзеш
такія мясціны?
Усім на зямлі
я давесці бяруся:
няма прыгажэй
ад маёй Беларусі!