Хачу служыць...
Мой брат —
хлапец геройскі,
і за яго я рад:
у беларускім войску
пайшоў служыць мой брат.
Пра Грунвальд і пра Воршу
мне брат мой распавёў.
— Хіба, —
казаў, —
я горшы
за продкаў-ваяроў?
Учора
на парадзе —
прыгожы быў парад! —
у самым першым радзе
ішоў мой родны брат.
Я братам ганаруся,
бо з гэткімі, як ён,
ніколі
Беларусі
не трапіць у палон.
А вам скажу па-свойску:
хай час хутчэй бяжыць,
бо ў беларускім войску
і я
хачу служыць.