Ночка

Сонца палючае,

Сонца жывучае

Скончыла дзённы абход.

Зорачкі ясныя,

Зоркі бліскучыя

Ў небе вядуць карагод.

Месячык беленькі,

Месячык чысты

З хмарак свой твар паказаў.

У рэчцы спакойнай,

У рэчцы празрыстай

Хор вадзяны запяяў.

Дрэўцы купчастыя,

Дрэўцы зялёныя

Ў люстра глядзяцца вады.

Жабкі рухлівыя,

Жабкі вясёлыя

Скачуць туды і сюды.